Хрысціянскія дэмакраты шырока адзначаць 100 год БХД
У 2017 годзе спаўняецца 100 гадоў з часу заснавання Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці, потым ператворанай у Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю.
Увесну 1917 года ў Менску прайшоў З’езд беларускага каталіцкага духавенства, які запачаткаваў БХДЗ, улетку пачалося стварэнне хрысціянска-дэмакратычных гурткоў па ўсёй Беларусі, увосені таго ж году была заснаваная партыйная газета “Крыніца”.
БХД сталася найбуйнейшай беларускай партыяй, якая адстойвала ідэалы незалежнасці Беларусі на хрысціянска-дэмакратычных прынцыпах. У Заходняй Беларусі БХД адзіная захоўвала вернасць ідэалам 25 сакавіка паміж бальшавізмам, прамаскоўскім сацыялістычным рухам, нацызмам і уціскам тагачасных уладаў.
Большасць заснавальнікаў БХД ахвяравала сваімі жыццямі: многія былі расстраляныя гестапаўцамі, многія – закатаваныя ў бальшавіцкім ГУЛАГу.
Каб не забывацца, што ідэя БХД асвечаная крывёй гэтых адданых людзей, з’езд БХД 12 снежня пастанавіў падрыхтаваць у 2016-м і правесці шырокае адзначэнне 100-годдзя БХД у 2017 годзе.
У прыватнасці, плануецца выдаць кнігі “БХД: 1917-2017” і “100 асобаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі”, падрыхтаваць ушанаванне памяці асноўных дзеячоў хрысціянска-дэмакратычнага руху, правесці канферэнцыю “Нацыянальная ідэя і хрысціянская дэмакратыя”, арганізаваць экскурсіі і вандроўкі па памятных мясцінах БХД, правесці ўрачысты юбілейны з’езд БХД, адзначыць 100-годдзе партыйнай газеты “Крыніца”.