У Бабруйску, Гомелі і Магілёве гараджанаў заклікалі адзначыць Дзень Волі (фота)
У Магілёве 24 сакавіка Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты раздалі больш за сто улётак і паштовак з гісторыяй Дня Волі, а таксама з гісторыяй нацыянальнай сімволікі: герба “Пагоня” і бел-чырвона-белага сцяга.
“З экрана тэлевізара нашы родныя і традыцыйныя сімвалы, якія з’яўляюцца гістарычна каштоўнымі для нас, пытаються ачарніць усімі магчымымі спосабамі, таму мы павінны не дапусціць, каб людзі забыліся сваю гісторыю”, – адзначыў кіраўнік МХД Магілёва Андрэй Бодзілеў.
Па словах намесніка кіраўніка МХД Магілёва Васіля Бяляя, галоўнае – каб моладзь не забылася сваю гісторыю. “Падчас акцыі некаторыя людзі сталага ўзросту адмаўляліся браць улёткі, наадварот моладзь цікавілася, задавала пытанні, і гэта не можа не радаваць”, – заявіў ён.
А ў Бабруйску сябры Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі наведалі гарвыканкам, дзе павіншавалі з Днём Волі мясцоваю уладу і ў якасці падарунка ўручылі намесніку старшыні гарвыканкама бел-чырвона-белы сцяг. “Прыняў з задавальненнем”, – адзначыла каардынатар БХД Таісія Кабанчук.
А на вуліцах Гомеля хрысціянскія дэмакраты раздавалі мінакам спецвыпуск газеты “Народная воля”, прысвечаны святкаванню 98-х угодак абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.