Хрысціянскія дэмакраты Брэста выступаюць за выбарнасць рэктараў ВНУ
Хрысціянскія дэмакраты Брэста пачалі чарговы этап кампаніі за паўнавартаснае далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу. Мясцовыя хадэкі збіраюцца заручыцца падтрымкай з боку студэнтаў, вучняў старэйшых класаў і іх бацькоў адносна прапаноў да беларускіх уладаў па павышэнні якасці беларускай адукацыі.
Прапановы БХД ўключаюць:
– дыферэнцыяцыю сярэдняй адукацыі і вяртанне розных тыпаў устаноў: гімназій, ліцэяў, школ з паглыбленым вывучэннем прадметаў, школ з кампенсавальным навучаннем, прыватных школ і г.д .;
– патрыятычнае выхаванне на аснове беларускіх культурна-гістарычных каштоўнасцяў;
– развіццё беларускамоўнай адукацыі і дадатковая падтрымка устаноў і настаўнікаў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову ў адукацыі і выхаванні;
– вывучэнне асноў хрысціянскай культуры і этыкі з улікам асаблівасцяў розных канфесій;
– павышэнне статусу і прэстыжнасці прафесіі выкладчыка, у тым ліку за кошт давядзення заробкаў настаўнікаў да ўзроўню не ніжэй заробкаў у праваахоўнай сістэме;
– развіццё сярэдне-спецыяльных і сярэдне-тэхнічных навучальных устаноў;
– інтэграцыю вышэйшай адукацыі ў еўрапейскую прастору, што прадугледжвае:
– аўтаномію і самакіраванне ВНУ, выбарнасць рэктараў, зместу адукацыі, методык выкладання, штатнага раскладу;
– акадэмічныя свабоды для студэнтаў і выкладчыкаў, магчымасць для студэнтаў самастойнага выбараў набору прадметаў і выкладчыкаў, адсутнасць пераследу студэнтаў і выкладчыкаў за палітычныя і непапулярныя погляды;
– студэнцкае самакіраванне і паўнавартасны ўдзел у кіраванні ВНУ,
– адмену прымусовага размеркавання і абавязак дзяржавы даць першае месца працы ў выпадку запатрабанасці з боку студэнта (добраахвотнае размеркаванне);
– права на хатняе навучанне, у тым ліку сямейнага і надомнага навучання, экстэрнату.
Лідар маладых хрысціянскіх дэмакратаў Брэста Аляксандр Храпко заклікае берасцейцаў больш актыўна далучацца да кампаніі па павышэнні якасці беларускай адукацыі.
“Хрысціянскія дэмакраты выступаюць за ўзняцце на новы еўрапейскі ўзровень адукацыйнай сістэмы нашай краіны. Эканоміка будзе моцнай толькі тады, калі ў нас будуць высокапрафесійныя кваліфікаваныя спецыялісты еўрапейскага ўзроўню . Гэта таксама павысіць прывабнасць Беларусі для айчынных і замежных інвестараў, якія прыйдуць у нашу краіну і будуць ствараць новыя працоўныя месцы. Заклікаю далучацца да нашай кампаніі за еўрапейскую адукацыю ў Беларусі!” – заявіў ён.