Рымашэўскі: аднясенне пытання выбараў на другі план раўнасільна злачынству
Прызнанне маючых адбыцца парламенцкіх выбараў міжнароднай супольнасцю пры адсутнасці пазітыўных зменаў у выбарчым працэсе «пахавае ўсе шанцы на дэмакратызацыю Беларусі ў бліжэйшыя пяць-дзесяць гадоў». Такое меркаванне выказаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Віталь Рымашэўскі 4 красавіка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай старту кампаніі па назіранні «Права выбару – 2016».
Паводле яго слоў, стратэгія удзельнікаў кампаніі «Права выбару – 2016» заключаецца ў тым, каб данесці да грамадскасці, у тым ліку міжнароднай, думка пра тое, што «самае галоўнае пытанне ў 2016 годзе для Беларусі – гэта пытанне правядзення свабодных і справядлівых выбараў», піша БелаПАН.
«Сёння ёсць небяспека: у дыялогу паміж сабой і ў пасланнях да беларускага народа і ўладам многія палітыкі, міжнародныя дзеячы, замежныя дыпламаты спрабуюць звесці перамоўны працэс да другасных пытанняў і кажуць, што пытанне выбараў сёння не вырашальнае, таму яго адсоўваюць на другі план, – адзначыў Рымашэўскі. – Яны кажуць: «Мы не будзем выстаўляць беларускай уладзе патрабаванні па змене выбарчага заканадаўства, мы будзем супрацоўнічаць з уладамі і патрабаваць ад уладаў саступак у тых сферах, дзе гэта магчыма».
Палітык лічыць, што «аднясенне пытання выбараў на другі план раўнасільна злачынству, якое запавольвае сацыяльна-эканамічнае і палітычнае жыццё краіны». «Мы хацелі б нагадаць еўрапейскім партнёрам, што дэмакратыя і правы чалавека з’яўляюцца абсалютнымі і бясспрэчнымі каштоўнасцямі для ўсіх без выключэння жыхароў планеты Зямля, а не толькі для краін заходняй дэмакратыі», – падкрэсліў ён.
«11 верасня (крайні тэрмін правядзення парламенцкіх выбараў. – БелаПАН.) Не павінна стаць чарговай трагічнай датай у палітычнай гісторыі Беларусі, а павінна быць крокам да свабоды і незалежнасці нашай краіны», – заявіў сустаршыня аргкамітэту партыі “БХД”.
У аргкамітэт кампаніі назірання за маючымі адбыцца парламенцкімі выбарамі уваходзяць восем структур: аргкамітэты партыі «БХД» і Партыі свабоды і прагрэсу, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За Свабоду», Беларуская партыя “Зялёныя”, прафсаюз РЭП, Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ.