У пытанні рэгістрацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі няма ілюзій (відэа)
У пытанні рэгістрацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі няма ілюзій, – кажа адказны сакратар аргкамітэта партыі Дзяніс Садоўскі. 15 красавіка ў Вярхоўным судзе прайшоў разгляд скаргі на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі БХД. І хоць канчатковае рашэнне па справе суд абвесціць у бліжэйшы панядзелак, Садоўскі кажа, што вынік загадзя вядомы, а працэс нельга назваць інакш чым „спектаклем”:
– Што прадстаўнік Мінюсту, што суддзя, што прадстаўнік пракуратуры зачытвалі свае і выступы, і пытанні па паперцы. З нашага боку былі прадстаўлены доказы таго, што мы прадставілі ўсе неабходныя дакументы, згодна заканадаўства. Тыя падставы, на якіх Мінюст прыняў рашэнне аб нерэгістрацыі, ажыццяўляліся пад ціскам на сябраў партыі. І нават тыя дакументы, якія ім удалося такім чынам сабраць, не з’яўляюцца доказам, таму што ў іх няма поўных звестак адносна таго, хто гэтыя распіскі пісаў, дзе пражывае і іншае.
На ўсе гэтыя заўвагі службовыя асобы па паперцы зачытывалі тое, што было напісана ў адмове Мінюста, падкрэслівае Дзяніс Садоўскі. І прыгадвае, што некалькі гадоў таму Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пры ім хрысціянскія дэмакраты ніколі не будуць зарэгістраваныя.
Нагадаем, што аргкамітэту БХД адмаўлялі ў рэгістрацыі партыі ўжо шэсць разоў.