Больш за 500 подпісаў за якасную вадаправодную ваду ў Менску перадалі гарадскім уладам
Грамадзянская ініцыятыва “Наша Кунцаўшчына” пры падтрымцы БХД і сайту zvarot.by сабрала больш за 500 подпісаў за прыняцце дзейсных мераў для вырашэння пытання якасці вадаправоднай вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Менска.
З іх 320 подпісаў сабраныя праз сайт zvarot.by, на якім працягваецца збор подпісаў, і больш за 200 сабрана ўжывую. Усе гэтыя подпісы 26 красавика былі накіраваны ў Палату прадстаўнікоў, Савет Міністраў, Мінскі гарадскі савет дэпутатаў, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, УП Мінсквадаканал.
“Улады на словах выказваюць заклапочанасць гэтым пытаннем, а на справах працягваюць ігнараваць адну з галоўных праблем менчукоў. Каля 45% жыхароў Менска атрымліваюць ваду дрэннай якасці. І таму мы будзем працягваць гэтую кампанію столькі часу, колькі трэба для вырашэння пытання. Мы працягнем дамагацца ад уладаў прыняцця рэальных дзеянняў, для хутчэйшага вырашэння гэтай праблемы. Бо пытанне якасці пітной вады – гэта пытанне якасці жыцця і здароўя менчукоў”, – адзначыў у каментары прэсавай службы каардынатар кампаніі Дзяніс Садоўскі.