Віталь Рымашэўскі: сустрэча з еўрадэпутатамі – добры сігнал беларускаму грамадству
“Тое, што дэлегацыя членаў групы Еўрапейскай народнай партыі ў Еўрапарламенце па ініцыятыве правацэнтрысцкай кааліцыі пагадзілася на фармат адкрытага круглага стала, спадзяемся, будзе новым этапам у стасунках еўрапейскіх палітыкаў з Беларуссю і ў практыцы працы беларускіх дэмакратычных сілаў”, – заявіў па выніках круглага стала, які прайшоў у Мінску 16 траўня, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.
“Мы мусім быць прыкладам. Нам, беларускім хрысціянскім дэмакратам і правацэнтрысцкай кааліцыі, няма чаго хаваць ад выбаршчыкаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Мы лічым, што адкрытасць падчас такіх сустрэч пойдзе толькі на карысць і змусіць палітыкаў быць больш адказнымі за свае словы і дзеянні. Мы плануем і надалей рабіць адкрытыя і для СМІ, і для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці сустрэчы з выбітнымі еўрапейскімі палітыкамі. Перакананы, што сённяшняя сустрэча, круглы стол, шчырая размова, стала пазітыўным, натхняючым сігналам для беларускай грамадзянскай супольнасці. Для ўсіх тых, хто сёння супрацьстаіць аўтарытарызму і змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў нашай краіне”, – падкрэсліў ён.
Паводле яго, у сувязі са зняццём санкцый з беларускіх чыноўнікаў і новым этапам афіцыйных стасункаў шмат у каго ўзнікае расчараванне і падазрэнне ў тым, што еўрапейскія палітыкі аддаюць перавагу прагматызму, а не каштоўнасцям. “Сённяшняя сустрэча, якраз, прыклад адваротнага. Гэта добры сігнал ўсяму беларускаму грамадству, бо ўсе выступоўцы – і Сандра Калніетэ, і Богдан Здраеўскі, і Дэвід МакАлістэр – казалі пра перавагу правоў чалавека, пра безумоўную неабходнасць правядзення свабодных і справядлівых выбараў дзеля поўнафарматных стасункаў з беларускімі ўладамі. Гэта нашыя сябры, гэта тыя людзі, якія маюць адкрытыя сэрцы і шчырыя памкненні да Беларусі, якія разумеюць сітуацыю ў Беларусі і гатовыя разам з беларускімі дэмакратамі змагацца за нашу і вашу свабоду”, – заявіў сустаршыня БХД.