У Жодзіне затрымалі ўдзельнікаў мітынгу салідарнасьці з прадпрымальнікамі
На рынку Жодзіна падчас спробы правесьці мітынг салідарнасьці з прадпрымальнікамі міліцыянты затрымалі сябраў аргкамітэту «Салідарнасьці з прадпрымальнікамі» Алеся Макаева, Алеся Абрамовіча і Міхася Латышава, актывіста БХД Паўла Пракаповіча і сябра Маладога Фронту Паўла Старавойтава. Таксама на рынку быў складзены пратакол на мясцовага актывіста Івана Помаза.
«Нас адвялі ў аддзел міліцыі і цяпер складаюць пратаколы. Хутчэй за ўсё ня вызваляць на раніцы», — пасьпеў перадаць карэспандэнту Свабоды Павал Пракаповіч. Потым сувязь з актывістам абарвалася.
Мітынг доўжыўся 40 хвілін.
«Спачатку мітынгоўцы зьвярнуліся са зваротам да гандляроў і наведнікаў рынку, потым пайшлі па шэрагах. Міліцыянты фіксавалі дзеяньні актывістаў, а потым па адзінай камадзе пачаліся затрыманьні», — распавёў Свабодзе ўдзельнік акцыі.
Мітынгі салідарнасьці з прадпрымальнікамі ужо праходзілі ў Барысаве і Маладэчне 7 і 14 траўня. 31 траўня і 4 чэрвеня мітынгі заплянаваныя ў Воршы і Баранавічах. Актывісты дамагаюцца адмены указу №222 Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога забараняецца гандаль на рынках без сэртыфікатаў.