Віцебскія актывісты рыхтуюць заяву ў Мінюст наконт “рускага міру”
4 чэрвеня ў Віцебску адбыўся круглы стол “Рускі мір, і як яму супрацьстаяць”. Удзельнікі – сябры дэмакратычных партый і суполак. Арганізатар мерпрыемства, сябра БНФ Ігар Казмірчак падрыхтаваў адмысловую прэзентацыю-даследаванне праяў рускага міру на Віцебшчыне.
“Агентаў “рускага міру” развялося зашмат, і дзейнічаюць яны пад патранажам расейскага пасольства, Рускай Праваслаўнай Царквы і, што самае дзікунскае, беларускай улады. Гэта РНЕ, якія мелі нават сваю, зарэгістраваную ў Беларусі газету “Русский порядок”, гэта “Беларускі антымайдан”, адным з заснавальнікам якога стаў сын экс-кандыдата ў прэзідэнты Змітра Уса, гэта ваенна-патрыятычны клуб “Русічы” з куратарам Рыгорам Шараем, які нават падтрымліваецца ЮНЭСКА. Гэта “Начныя ваўкі” у Сянно, што зарэгістраваныя як арт-сядзіба, клуб “Спарта” з кіраўніком Алегам Шумко, гэта “Рускі дом” на чале з Герашчанкам у Віцебску і, канешне, казакі са сваімі “Варотамі Паазер’я”, што гаспадараць пад Талачыном і вывозяць падлеткаў на ваенныя зборы ў Падмаскоўе. Ёсць і залётныя адзіночкі, якія добра ведаюць агентаў, інструктуюць іх і натхняюць. Узгадайце нелюдзя Мільчакова, які нядаўна “па справах” бесперашкодна наведваў Віцебшчыну”, – адзначыла каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.
Паводле яе, “яны адкрыта дзейнічаюць, праводзяць свае акцыі, насаджваюць шавіністычныя ідэі, атручваюць сваёй фашысцкай ідэалогіяй няспелы розум. І геаграфія іх дзейнасці даволі шырокая: Віцебск, Орша, Талачын, Друцк, Сянно, Заслонава, Шклоў”.
Яшчэ год таму Таццяна Севярынец накіравала ў абласную пракуратуру калектыўны зварот з канкрэтнымі сведчаннямі аб дзейнасці прарасейскіх экстрэмісцкіх арганізацый, патрабаваннямі разабрацца і спыніць гэтую небяспечную для Беларусі дзейнасць. Адказвала абласное упраўленне юстыцыі: усё ў рамках заканадаўства, мерапрыемствы разавыя. Нічога страшнага.
Пра гэта на круглым стале каардынатар БХД распавяла ўдзельнікам і прапанавала зрабіць адмысловую заяву ў Міністэрства юстыцыі, як мага шырэй распаўсюджваць праўду пра “Рускі мір”, інфармаваць насельніцтва, папярэджваць аб пагрозе цэласнасці і незалежнасці Беларусі. У хуткім часе заява будзе накіраваная ў Міністэрства юстыцыі.
“Днямі былы вайсковы камендант Данецка, колішні міністр абароны так званай ДНР Ігар Стралкоў-Гіркін, які заснаваў “Агульнарускі нацыянальны рух” з мэтай далучэння Беларусі і Украіны да Расеі, заявіў: “Для далучэння Беларусі да Расеі зусім неабавязкова ваяваць”… Яны, “рускі мір”, ўпэўнены, што ў беларусаў няма Радзімы. Народзе, прачынайся! Захопнік не будзе грукацца ў дзверы твайго дому – ён нахабна ўвойдзе і навядзе свой “парадак”, – заяўляе Таццяна Севярынец.