Віталь Рымашэўскі: ўлада Беларусі плюе на любыя рэкамендацыі АБСЕ
Сакратар ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік заявіў, што ініцыятыўная групу Міколы Статкевіча не будзе зарэгістраваная на падставе таго, што з яго нязнятая судзімасць.
“Адмова ў рэгістрацыі былога палітвязня Міколы Статкевіча з’яўляецца грубым парушэннем права на свабодныя выбары ў Беларусі і падкрэслівае дзве рэчы. Па-першае, тое, што ў Беларусі няма ніякіх крокаў на дэмакратызацыю, нягледзячы на ўсе саступкі з боку Еўразвяза. Па-другое, тое, што ўлада Беларусі плюе на любыя рэкамендацыі АБСЕ і патрабаванні дэмакратычных краін аб дэмакратызацыі беларускага выбарчага заканадаўства і беларускай сістэмы ўлады ў цэлым”, – заявіў у каментары прэс-службе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
“Адмова ў рэгістрацыі былога палітвязня, асуджанага па палітычных матывах, падчас выбарчай кампаніі азначае, што ніякіх свабодных, справядлівых і сумленных выбараў у краіне няма. Беларускаму рэжыму не ўдалося даказаць віну Статкевіча па крымінальным артыкуле, па якім ён зараз дыскрымінаваны. Міжнародныя назіральнікі і дыпламаты адназначна прызналі палітычны працэс над ім палітычна матываваным, а прысуд – палітычнай рэпрэсіяй. Лічу, што пасля гэтага выпадку ніхто не можа сказаць, што трапіць у дэпутаты можна якімі-небудзь іншымі шляхамі, апроч прызначэння выканаўчай уладай”, – падкрэсліў ён.