7 лістапада запланаванае шэсце памяці ахвяраў НКУС: ад КДБ да парку Чалюскінцаў
7 лістапада ў Менску плануецца шэсце ад будынка КДБ да парку Чалюскінцаў. Акцыя прысвячаецца памяці ахвяраў НКВД-КДБ. Адпаведную заяву прадстаўнікі Правацэнтрысцкай кааліцыі перадалі 21 кастрычніка ў Менгарвыканкам.
Плануецца, што акцыя пачнецца 7 лістапада а 12-й ля будынка КДБ, дзе ўдзельнікі запаляць знічкі ў памяць аб тысячах закатаваных ахвяр у скляпеннях гэтага будынка. Плануецца, што да будынка КДБ удзельнікі акцыі прыйдуць з іконамі новамучанікаў, забітых НКУС-КДБ, і з партрэтамі рэпрасаваных.
Далей плануецца шэсце і жалобны мітынг у парку Чалюскінцаў, каля месца пахавання ахвяраў палітычных рэпрэсій.
“7 лістапада – трагічны дзень гісторыі Беларусі. Крывавая камуністычная рэвалюцыя прынесла нашаму народу масавы тэрор, знішчэнне цэркваў, расстрэлы і ссылкі. Святкавання 7 лістапада як дзяржаўнага свята Беларусі – нацыянальны сорам. Сёння памяць аб ахвярах знішчаецца, а катам нашага народу – Сталіну, Леніну, Дзяржынскаму ды іншым – стаяць помнікі. 7 лістапада мусіць стаць днём смутку і нацыянальнай жалобы па ахвярах камуністычных рэпрэсій, па людзям, закатаваным НКВД-КДБ. Замест гэтага зноў да помнікаў катам панясуць кветкі, адбудуцца “ўрачыстыя мерапрыемствы””, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
“Лічу, нягледзячы на любыя вынікі адказу з выканкам, ушанаваць памяць ахвяр камунізму – наша грамадзянскае права і наш святы абавязак”, – падкрэсліў ён.