БХД адзначыла 125 гадоў Адама Станкевіча (фота)
Беларускія хрысціянскія дэмакраты адзначылі 125-ую гадавіну кіраўніка БХД, пісьменніка і грамадскага дзеяча ксяндза Адама Станкевіча.
На радзіме Станкевіча ў Арлянятах (Смаргонскі раён) хадэкі ўсклалі кветкі да сімвалічнага помніка – месца пахавання ксяндза Адама ў сібірскім лагеры дагэтуль дакладна невядомае.
У Менску прайшла вечарына, прысвечаная памяці Адама Станкевіча. Сустаршыня БХД Павел Севярынец распавёў пра яго жыццёвы шлях, гісторык Алесь Пашкевіч расказаў пра працу над зборам твораў ксяндза Адама, Алесь Жлутка з Інстытуту гісторыі Акадэміі навук падзяліўся успамінамі пра тых, хто яго ведаў, а Святлана Манько-Раткевіч згадала пра паплечнікаў Станкевіча.
Адбылася віктарына, прысвечаная Адаму Станкевічу. Таксама ўдзельнікі вечарыны абмеркавалі збор подпісаў за перайменаванне праспекта Дзяржынскага ў праспект Адама Станкевіча. Напрыканцы сустрэчы хадэкі спявалі калядку і частавался пірагом з гарбатай.
125-годдзе Адама Станкевіча адзначылі таксама ў Слоніме, Лідзе і Вільні.