Дзяніс Садоўскі: Марш пакажа, ці гатовыя беларусы адстойваць свае правы (відэа)
Ці будуць беларусы і далей наракаць на кухнях? Ці ўсё ж выйдуць пратэставаць на вуліцы? Маршы недармаедаў маюць адбыцца ў рэгіёнах і Менску. А кульмінацыяй будзе сталічны пратэст 15 сакавіка – у Дзень Канстытуцыі.
Арганізацыйны камітэт Маршу недармаедаў запрашае да ўдзелу не толькі тых, каго дэкрэт нумар тры закранае наўпрост, але і кожнага незадаволенага. У розных гарадах краіны ідзе актыўны збор подпісаў супраць ганебнага дэкрэту. Свае аўтографы беларусы ставяць досыць актыўна. Але ці гэтак жа актыўна прыйдуць на марш?
Адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі распавёў пра падрыхтоўку да «Марша недармаедаў»:
“Наша стратэгія перш за ўсё, каб акцыя была дазволеная. Каб гэта была не акцыя апазіцыі, а разʼюшаных і нездаволеных грамадзянаў Беларусі.
Толькі марш зможа адказаць на пытанне, ці выйдуць людзі на пратэсты. І вядома адстойваць правы грамадзян, калі самі грамадзяне не хочуць, не могуць альбо баяцца, будзе адказам, ці людзі гатовыя абараняць свае правы.
Ужо сабраныя дзясяткі тысяч подпісаў супраць дэкрэту. Мы будзем абзвоньваць кожнага і запрашаць на акцыю.
Наш фармат адрозніваецца. Ён для больш масавай колькасці людзей. Ён сапраўды для тых, хто яшчэ ніколі не выходзіў на акцыі апазіцыі, на акцыі пратэсту. Мы спрабуем арганізаваць гэта менавіта так, каб яны сябе адчувалі бяспечна і ўтульна. Мы лічым, што калі акцыя будзе дазволеная, тады больш шансаў, што людзі не будуць баяцца, не пабаяцца штрафаў і арыштаў і выйдуць”.
Глядзіце размову Сяргея Падсасоннага з Дзянісам Садоўскім у «Гарачым каментары»