Праграма БХД. Царква
Праграма БХД. Царква.
2. ЦАРКВА
2.1. Царква – сэрца грамадства
2.1.1. Хрысціянства – нацыятворчая сіла беларускай гісторыі і аснова беларускай нацыянальнай ідэі. Без веры ў Бога, без Бібліі, без Царквы немагчыма ані ўявіць сабе Беларусь, ані зразумець яе.
Хрысціянства стала падмуркам беларускай дзяржаўнасці, нацыянальнай палітыкі і культуры. Часы найвялікшага росквіту Беларусі былі неадрыўна звязаныя з развіццём хрысціянства на беларускіх землях.
Таму ацаленне грамадства і адбудова Беларусі як дзяржавы немагчыма без умацавання Царквы і хрысціянскага адраджэння краіны.
2.1.2. Мы вызнаем, што Царква – эпіцэнтр гісторыі, якую творыць Бог. Менавіта стан хрысціянскіх цэркваў тысячу гадоў вызначаў аблічча і змест Беларусі, характар пакаленняў, маральнае здароўе грамадства і моц дзяржавы. Таму эфектыўнае і ўстойлівае развіццё беларускага грамадства ў сацыяльных, эканамічных, культурных і палітычных галінах магчыма толькі на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцей.
2.1.3. БХД прызнае роўныя правы за трыма братэрскімі канфесіямі – праваслаўем, каталіцтвам і пратэстантызмам. Беларускае хрысціянскае трыадзінства – падмурак для яднання нацыі і зарука адкрытасці Беларусі ўсяму свету.
2.1.4. У сваёй міжканфесійнай працы, палітыцы і ўзаемадачыненнях, якія патрабуюць удзелу вернікаў розных вызнанняў, мы зыходзім з прынцыпу святога Аўгустына: у галоўным – адзінства, у малазначным – свабода, але ва ўсім – любоў.