Віталь Рымашэўскі: улады плююць на свае ж законы і на правы грамадзян
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, які прадстаўляў на аргкамітэце Дня Волі БХД, пракаментаваў адмовы ўладаў на правядзенне шэсця 25 сакавіка ў Менску ў сувязі з нібыта адсутнасцю шэрагу дакументаў.
“Гэтая адмова абсалютна надуманая, і сёння аргкамітэт прыняў адпаведную заяву. Сёлета мы на месяц раней чым звычайна падалі заяўку на акцыю, а Менгарвыканкам такім чынам вырашыў скараціць колькасць часу, каб запрашаць людзей на шэсце”, – адзначыў ён.
Па словах Віталя Рымашэўскага, арганізатары ўвесь час пры падачы дакументаў просяць пацвярджаючыя дакументы, што заяўкі прынятыя і ў якім аб’ёме. “І Менгарвыканкам увесь час адмаўляецца гэта рабіць. Сёння стала зразумела, дзеля чаго”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.
“Беларускія ўлады прадстаўнікам міжнароднай супольнасці і дыпламатам увесь час кажуць пра гатоўнасць не перашкаджаць масавым шэсцям і дэманстрацыям, калі яны ідуць у рамках дзеючага заканадаўства. Тое, што сёння адбываецца, паказвае хлуслівасць гэтых заяў. Нагадаю, што мінулага 25 сакавіка я і многія ўдзельнікі шэсця былі аштрафаваныя за ўдзел у дазволенай акцыі, за тое, што я звяртаўся праз мегафон да ўдзельнікаў. Сёлета яны па надуманых прычынах адмаўляюцца нават разглядаць заяўку. Такім чынам, улады плююць на свае ж уласныя законы і на правы грамадзян на свабоду сходаў”, – дадаў Віталь Рымашэўскі.