БХД – за свабоду сумлення і свабоду для Цэркваў
2.2.1. БХД разглядае свабоду сумлення як свабоду трымацца тых або іншых прынцыпаў, поглядаў і перакананняў, свабоду вызнаваць тую ці іншую рэлігію альбо не вызнаваць ніякай. Згодна з поглядамі БХД, свабода сумлення з’яўляецца найважнейшым правам чалавека ў дэмакратычнай дзяржаве. Свабода веравызнання палягае ў тым, што кожная канфесія мае права свабодна існаваць і развівацца ў Беларусі, калі яна не парушае законы Рэспублікі Беларусь.
2.2.2. Кожны чалавек мае права выбіраць форму вызнання той або іншай рэлігіі публічна ці патаемна, аднаасобна ці сумесна з іншымі людзьмі. Не павінна існаваць ніякіх абмежаванняў свабоднаму распаўсюду рэлігійных поглядаў і перакананняў. Кожны чалавек павінен мець права на вольнае навучанне асновам выбранай ім рэлігіі, мець права на вольныя рэлігійныя аб’яднанні і царкоўныя суполкі.
2.2.3. Царкоўныя арганізацыі таксама, як і грамадскія арганізацыі павінны мець магчымасць свабодна ўзнікаць і дзейнічаць. БХД выступае за рэгістрацыю царкоўных суполак заяўным прынцыпам. Рэгістрацыя рэлігійнай арганізацыі з’яўляецца яе правам, а не абавязкам. Гэта значыць, што дзяржаўная рэгістрацыя царкоўных суполак не павінна быць абавязковай, калі самі суполкі не лічаць яе патрэбнай. Недапушчальна любое ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы царкоўных арганізацыяў, за выключэннем выпадкаў, калі маюць месца парушэнні закона.
З Праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года