130 гадоў таму нарадзіўся лідар БХД Янка Пазьняк
Янка Пазьняк – адзін з лідараў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, рэдактар “Крыніцы”, старшыня Прэзідыуму Беларускага Народнага Аб’яднання – і дзед лідара беларускага нацыянальнага руху Зянона Пазьняка.
Нарадзіўся Ян Пазьняк 19 лютага 1887 года там жа, дзе праз 57 гадоў з’явіцца на свет і будучы кіраўнік легендарнага Беларускага Народнага Фронту – у мястэчку Суботнікі Івейскага раёна.
З сялянскай каталіцкай сям’і, Янка з ранніх гадоў цікавіўся музыкай ды словам. У 1909-1912 гадах ён ужо быў актыўным удзельнікам беларускіх хрысціянска-асветніцкіх гурткоў, а ў 1913-м разам з Баляславам Пачопкам і Антонам Лявіцкім (Ядзвігін Ш.) узяўся за выданне першай беларускай хрысціянскай газеты – “Беларус”.
У 1917-м Янка Пазьняк стварае аматарскі беларускі тэатральны гурток, а ў 1917-1919 гадах працуе настаўнікам у беларускай гімназіі ў Будславе. У 1918-1920 гадах служыў арганістам у касцёле святога Яна ў Вільні.
“Ад 1919 ён працуе ў павеце Ашмянскім. Тут за беларускую працу польскія ўлады арыштавалі яго і пасадзілі ў вастрог, а звольніўшы, трымалі пад надзорам жандармэрыі 8 месяцаў. У 1920 г. калі ў край наш былі прыйшоўшы бальшавікі, на зьездзе сялянскім у Ашмяне Я. Пазьняк дамагаецца выхаду бальшавікоў, каб даць магчымасьць беларусам узяць свой лёс у свае ўласныя рукі”, – піша “Крыніца”.
Затым, з 1925-га Ян Пазьняк працуе ў Міцкунскай гміне пад Вільняй, складае па-беларуску брашуру пра гмінны самаўрад і атрымлівае званне ганаровага грамадзяніна гміны.
Cябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратычнай Злучнасці Ян Пазьняк стаў ад самага моманту яе заснавання ў траўні 1917 года. Начытаны, прынцыповы, упарты, у віры рэвалюцыяў, войнаў і акупацыяў ён стаў адным з галоўных рухавікоў хрысціянска-дэмакратычнага руху у краіне. У 1920-х актыўна друкаваўся ў “Крыніцы” ды “Хрысціянскай думцы”.
На з’ездзе 1928 года Пазняк быў абраны сакратаром ЦК БХД. З пачатку 1930-х узначаліў галоўны каардынацыйны цэнтр усяго беларускага руху – віленскі Беларускі Нацыянальны Камітэт. У 1936 годзе, з ператварэннем БХД у Беларускае Народнае Аб’яднанне, быў выбраны старшынём Прэзідыуму ЦК БНА.
Асобная старонка ў дзейнасці Яна Пазьняка – праца рэдактара спярша “Беларускай Крыніцы”, а потым і “Хрысціянскай думкі”, галоўных медыяў БХД. За адзін толькі 1936 год, напрыклад, польскія ўлады 11 разоў канфіскоўвалі нумары “Крыніцы”. Супраць Пазьняка узбудзілі больш 30-і судовых справаў, прысудзілі вялізныя штрафы, і ўрэшце некалькі месяцаў Ян Пазьняк быў вымушаны адседзець у астрозе.
Ян Пазьняк увесь час выступаў у прэсе, абараняючы беларусаў. Арганізоўваў беларускія школы. Гуртаваў мастацкія калектывы ў заходнебеларускіх вёсках.
Увосені 1939 года, калі Саветы занялі Вільню, Яна Пазьняка НКВД арыштавала адным з першых. Паводле абрывістых звестак, лідара БНА вывезлі ў турму ў Старой Вілейцы пад Маладэчна, затым, імаверна, у Ігумен і Менск, і расстралялі.
Месца пахавання Яна Пазьняка невядомае дагэтуль. Магчыма, гэта Курапаты – якія для ўсяго свету праз паўстагоддзя адкрыў ягоны ўнук Зянон Пазьняк.
Павел Севярынец