Віталь Рымашэўскі па выніках слуханняў у Вільні: Літва не будзе купляць беларускую электраэнергію
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і старшыня Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова 21 лютага прынялі ўдзел у слуханнях у Сейме Літвы, арганізаваных групай “За дэмакратычную Беларусь”, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх палітычных партый літоўскага парламенту – як кіруючых, так і апазіцыйных.
Тэмай было абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі ў сувязі са стасункамі з Расеяй, а таксама будаўніцтва Астравецкай АЭС.
“Нам паведамілі, што падпісанае пагадненне паміж палітычнымі партыямі Літвы і рыхтуецца законапраект аб забароне імпарту ўсіх відаў электраэнергіі з Беларусі. Для эканомікі Беларусі гэта можа быць досыць небяспечна, бо літоўцы будуць працаваць над тым, каб да гэтага рашэння далучыліся і іншыя краіны, якія мяжуюць з Беларуссю. Лічу, што за гэта адказныя перш за ўсё беларускія ўлады, якія ад пачатку праводзілі такую бяздарную палітыку, не далучалі да экспертыз прадстаўнікоў Літвы і не праводзілі падобных слуханняў з літоўскімі палітыкамі і экспертамі, а таксама беларускай грамадскасцю ў Менску. За такую бяздарную палітыку будуць расплачвацца нашы нашчадкі”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі, выказаўшы занепакоенасць і пытаннем бяспекі БелАЭС.
Апроч таго, паведаміў сустаршыня БХД, паводле прадстаўніка кіруючай партыі, вучэнні “Захад 2017”, якія плануюць Беларусь і Расея, літоўскі бок разглядае як варожую акцыю ў дачыненні да Літвы і ЕС у сувязі з агрэсіяй Расеі ва Украіне. “Гэта таксама вельмі негатыўны сігнал, бо вучэнні праводзяцца на тэрыторыі Беларусі, што дыскрэдытуе Беларусь у вачах міжнароднай супольнасці”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.