У Воршы за абарону беларусаў судзяць Паўла Севярынца (абнаўляецца)
У Аршанскі суд толькі а 16:30 прывезлі сустаршыню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, які быў затрымана ў нядзелю 12 сакавіка пасля мітынгу пратэсту ў Воршы. Пра гэта паведаміла яго маці, каардынатар БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.
Зараз над ім мусіць пачацца суд. Па мінулых справа суддзя выносіла прысуды аб штрафе для затрыманых жанчын і аб арышце для мужчын.
“Спадзяюся, што не засне Беларусь. Яна прачнулася не для таго, каб засынаць”, – адзначыў палітык у судзе.
Суддзя адмовіла ў хадайніцтве аб адводзе суду і адмовілася весці працэс па-беларуску.
Сустаршыня БХД сваю віну не прызнаў і заявіў, што грамадзяне беларусы маюць права і нават абавязаныя выступаць негвалтоўнымі сродкамі выступаць супраць беззаконня і дыктатуры. “Калі ў маім родным горадзе – Воршы вырашылі сабрацца супраць чарговага абсурду – дэкрэту аб дармаедстве, я, канечне, туды паехаў”, – сказаў ён, назваўшы самымі сапраўднымі дармаедамі міліцыянтаў, якія не давалі менчукам прыехаць у Воршы.
Канфіскацыю ў актывістаў мегафону ён назваў “уладным клопатам” пра беларускі народ, каб ён раптам не загаварыў гучным голасам”. Затрыманне беларусаў за словы “Жыве Беларусь!” міліцыянтамі з расейскай сімволікай ён назваў падрыхтоўкай у Беларусі данбаскага сцэнару.
“Аршанцы паказалі, што тут Беларусь, што яна будзе жыць і жыць па законе, а ўсё незаконнае будзе змецена і вельмі хутка”, – падкрэсліў Павел Севярынец, заявіўшы, што акцыя праходзіла мірна.