Заява БХД: Вернем уладу беларускаму народу!
На Беларускую хрысціянскую дэмакратыю аказваецца найбольшы ціск з 2010 года. Два сустаршыні партыі Віталь Рымашэўскі і Павел Севярынец, каардынатары БХД у Менску Вольга Кавалькова, Маладзечне Раман Ганчароў, Магілёве Алег Аксёнаў, амаль ўсе абласныя каардынатары партыі і многія шараговыя актывісты падвяргаюцца пераследу, застрашванню і судам.
Але, нягледзячы на гэта, БХД працягвае актыўны ўдзел ва ўсіх акцыях пратэсту як у рэгіёнах, так і ў Менску і заклікае ўсіх не баяцца і працягваць ціск на ўладу. Мы перакананыя, што на беларускай зямлі ўладар не беззаконная ўлада, а беларускі народ. Мы ўпэўненыя, што ён абудзіўся.
Мы патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых, спынення пераследу і рэпрэсій. Мы патрабуем тэрміновага скасавання дэкрэту № 3, кантрактнай сістэмы і іншых ганебных законаў і практык, у тым ліку датычных страхавога стажу для налічэння пенсіі. Мы патрабуем унясення зменаў у выбарчае заканадаўства, якія б гарантавалі правядзенне свабодных і сумленных выбараў.
Мы звяртаемся да дэмакратычных сілаў з заклікам да яднання. Толькі тады, калі дэмакраты будуць яснай альтэрнатывай рэжыму, масавы народны пратэст можа быць паспяховым. Калі гэтага не будзе – пратэст будзе альбо падаўлены гвалтам, альбо асядланы Крамлём.
Таксама мы заклікаем міжнародныя арганізацыі і дэмакратычныя краіны звярнуцца з патрабаваннямі да беларускіх уладаў аб вызваленні затрыманых і спыненні рэпрэсій.
А грамадзян Беларусі мы заклікаем далучацца да акцыі ў Менску і ў рэгіёнах, якія пройдуць 15 і 25 сакавіка. Вы – уладары беларускай зямлі, а не карумпаваная ўлада.