Дзяніс Садоўскі: акцыя 25 сакавіка – выключна мірнае шэсце
Адзін з заяўнікаў шэсьця на Дзень волі ў Менску, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды заяву Міколы Статкевіча пра намер правесьці 25 сакавіка ў Менску «Марш абураных беларусаў» па маршруце ад Акадэміі навук да плошчы Незалежнасьці. Тым часам партыйны аргкамітэт заявіў пра маршрут ад Акадэміі навук да Кастрычніцкай плошчы.
Як будуць каардынавацца дзьве акцыі, ці існуе тут нейкая дамоўленасьць?
«Фармальнай дамоўленасьці няма. Мы ідзем з аднаго месца ў адзін час, па адным маршруце. Таму, у прынцыпе, генэральна тут у гэтым пляне і палягае наша дамоўленасьць.
Мы настойваем на тым, што канцавым пунктам павінна быць Кастрычніцкая плошча, дзе павінна ўсё скончыцца мітынгам і прыняцьцем рэзалюцыі.
І ісьці на плошчу Незалежнасьці — гэта неабачлівы і небясьпечны маршрут, улічваючы досьвед 2010 году і магчымыя правакацыі менавіта там з боку спэцслужбаў і людзей, якія хочуць чыніць правакацыі.
Бо менавіта там багата дзяржаўных будынкаў, якія максымальна блізка знаходзяцца каля плошчы. І, безумоўна, там іх спыніць будзе значна цяжэй, чым на Кастрычніцкай плошчы, дзе такіх небясьпекаў значна менш».
Дзяніс Cадоўскі сказаў, што арганізатары заклікаюць удзельнікаў акцыі, наколькі гэта магчыма, не выходзіць на праезную частку, каб не правакаваць уладу.
«Выхад на праезную частку — гэта іншая гісторыя параўнальна з шэсьцем па ходніку. Таму мы заклікаем не выходзіць на праезную частку, наколькі гэта будзе дазваляць магчымасьць, захоўваць дысцыпліну, процістаяць усялякім правакацыям.
Акцыя выключна мірная, ніякіх супрацьстаяньняў. Калі будуць нейкія кардоны на шляху шэсьця, то ніякіх штурмаў кардонаў не павінна быць.
Гэта выключна мірнае шэсьце, мы як беларусы павінны прадэманстраваць, што мы дысцыплінаваныя і можам процістаяць правакатарам».
Дзяніс Садоўскі таксама выказаўся адносна таго, што Мікола Статкевіч называе акцыю 25 сакавіка «Маршам абураных беларусаў».
«Гэта ўсё лірыка. Калі ўлічваць, як цяпер разгортваецца сытуацыя, з арыштамі, з нагнятаньнем, параўнальным хіба што з 2010 годам, то тут ужо называць рознымі назвамі, працягваць „гэта маё, гэта тваё“, — мне падаецца, гэта ўжо ня той час, калі гэта трэба рабіць.
Ну, калі спадар Мікалай лічыць, што гэта „Марш абураных беларусаў“, няхай будзе як заўгодна. Адзінае, да чаго заклікаю, — да дысцыпліны і супрацьстаяньня ўсялякім правакатарам.
Кожны чалавек, які пачне нейкія гвалтоўныя дзеяньні, гэта правакатар. Незалежна ад таго, гэта вядомая асоба ці нейкія невядомыя людзі. Кожны, хто пачне гвалтоўныя дзеяньні, правакацыйныя дзеяньні, — гэта правакатар, і я заклікаю такіх людзей спыняць».
Таксама Дзяніс Садоўскі паведаміў, што на 22 сакавіка заяўнікі акцыі на Дзень Волі так і не атрымалі пісьмовага адказу ад Менгарвыканкаму. Улады зноў перанесьлі сустрэчу з заяўнікамі цяпер ужо на 17 гадзін 24 сакавіка.
«Улады проста самаўхіліліся ў гэтай сытуацыі. Я кансультаваўся зь юрыстамі „Вясны“, яны таксама першы раз бачаць такую сытуацыю, што адказу на афіцыйную заяўку, якая своечасова пададзена, няма. То бок улада фактычна і не забараніла, і не дазволіла.
У такой сытуацыі прадпрымаць нейкія дзеяньні неабходна. І ўлічваючы, што ўлада адмаўляецца нам даваць адказ — а адказ яна абяцае нам даць цяпер ужо 24 сакавіка ў 17 гадзін, фактычна за ноч да акцыі, калі прымаць нейкія рашэньні немагчыма і нелягічна — таму яны першыя, хто парушае закон.
Мы плянуем правядзеньне акцыі па тым маршруце, які мы назвалі. І адказнасьць за тое, што акцыя будзе адбывацца без дазволу, — на баку ўлады. Бо яны самаўхіліліся і, парушаючы ўсе законы, не далі ніякага адказу, ні „так“, ні „не“.
У такім выпадку грамадзяне, маючы канстытуцыйнае права, ня маючы ніякіх забаронаў на гэту акцыю, маюць права прайсьціся і адсьвяткаваць 25 сакавіка годна».