Правацэнтрысты патрабуюць ад беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі

27 сакавіка 2017 14:48  |  Галоўныя навіны

Правацэнтрысты патрабуюць ад беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі

Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзіць рух «За Свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», патрабуе ад уладаў спыніць рэпрэсіі. Пра гэта заявіў старшыня АГП Анатоль Лябедзька на прэс-канферэнцыі 27 сакавіка.

Кааліцыя таксама патрабуе адстаўкі міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. «Усім відавочна, што менавіта прадстаўнікі гэтага ведамства былі часткай разгонаў вулічных акцый», – сказаў палітык.

Лябедзька па-ранейшаму ўпэўнены, што неабходная безумоўная адмена дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». “Калі будзе рэалізавана, што сказаў Лукашэнка пра працаўладкаванне ўсіх беларусаў, то гэта ўжо будзе стварэнне працоўных лагераў”, – адзначыў ён.

Галоўным патрабаваннем правацэнтрысцкай кааліцыі Лябедзька назваў правядзенне свабодных і справядлівых выбараў у краіне. «Гэта патрабаванне можа стаць пунктам, які аб’яднае і апазіцыю, і простых прыхільнікаў пераменаў. Без свабодных выбараў эскалацыя сітуацыі ў краіне будзе толькі павялічвацца », – лічыць ён.

Актывістка БХД Вольга Кавалькова адзначыла, што цяпер склалася новая сітуацыя, калі ўлады душаць актыўнасць не толькі апазіцыі, але і простага народа. Пры гэтым, падкрэсліла яна, пратэсты ўсюды былі «абсалютна мірнымі, правакацый падчас акцый не было, падстаў для брутальнага разгону ўдзельнікаў акцый не давалі».

Правакацыі, адзначыла Кавалькова, былі з боку ўладаў. «Лукашэнка страціў падтрымку грамадства. Каб застацца ва ўладзе, ён вырашыў абапірацца на таталітарныя метады кіравання», – сказала яна.

25 сакавіка, у Дзень Волі, які штогод праводзіць беларуская апазіцыя, у Мінску было затрымана каля 700 чалавек. Большасць з іх (каля 600) адпушчаныя пасля без складання пратаколаў, яшчэ 100 чалавек застаюцца ў ізалятарах да суда. Складзена каля 130 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях.

На наступны дзень у Менску былі затрыманыя яшчэ прыкладна 20 чалавек. Яны выйшлі ў цэнтр горада, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі раней.

Naviny.by

Болей навін