Павел Севярынец: беларускі народ стаў дзеючай сілай у палітыцы
– Акцыі, якія адбыліся па ўсёй Беларусі, азначаюць новы этап у найноўшай беларускай гісторыі, – заявіў у інтэрвію прэс-службе БХД пасля свайго вызвалення сустаршыня партыі Павел Севярынец. – На мітынгі, асабліва ў рэгіёнах масава выйшлі рабацягі, пенсіянеры, гастарбайтары, хатнія гаспадыні. Такога не было ўжо 15-20 гадоў. І гэта азначае, што беларускі народ з аб’екту маніпуляцыяў раптам ператвараецца ў суб’ект, у дзеючую сілу палітыкі.
Пачварны, нялюдскі гвалт 25 сакавіка якраз і меў мэтай загнаць беларускі народ назад у страх ды абыякавасць, – працягнуў Павел Севярынец. – Але цягнік ужо пайшоў. Беларусы імкліва саспяваюць да пераменаў. Калі рэжым правядзе рэформы і добраахвотна сыдзе (у што мала верыцца) – гэта будзе цывілізавана, як у часы “Салідарнасці” ў Польшчы. Калі працягнецца палітыка вялікай дубінкі – рэжым рана ці позна сам падзе ахвярай уласнага гвалту. Вайну з народам яшчэ ніводзін дыктатар не выйграваў.
Зараз найперш важная салідарнасць і падтрымка тых, хто за кратамі. Масавая салідарнасць мусіць стаць вынікам і працягам масавых мітынгаў. Новая хваля лідараў і актывістаў прыходзіць у беларускі супраціў. Падрыхтоўка Чарнобыльскага шляху 26 красавіка, 1 траўня і іншых акцыяў мае быць супольнай.
А дэмакратычным сілам зараз трэба узмоцнена рыхтавацца і дасягаць крытычна важнага адзінства. Калі мы будзем гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за Беларусь – Бог нам гэтую ўладу дасць, – падкрэсліў сустаршыня БХД.