Еўрапейская народная партыя прыняла БХД у свае шэрагі
29 сакавіка падчас кангрэса Еўрапейскай народнай партыі на Мальце ў яе шэрагі была прынятая Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Пра гэта распавёў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, які прымае ўдзел у з’ездзе ЕНП.
БХД прынята ў статусе назіральніка – гэта максімальны статус сяброўства для партыі з краіны, якая не з’яўляецца членам Еўрапейскага Саюза.
Рашэнне аб ўступленні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў ЕНП першапачаткова не было ў парадку дня кангрэса, гэтае пытанне павінна было разглядацца на летняй сесіі. Аднак як рэакцыя на беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, якія разгарнуліся супраць дэмакратычных сіл, у тым ліку супраць хрысціянскіх дэмакратаў, у Беларусі, члены Еўрапейскай народнай партыі вырашылі ўнесці ў парадак дня кангрэсу пытанне аб уступленні БХД.
«Гэта важны крок, улічваючы, што Беларускую хрысціянскую дэмакратыю 10 гадоў адмаўляецца рэгістраваць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Сяброўства ў Еўрапейскай народнай партыі дае больш магчымасцяў для ўсіх беларускіх дэмакратычных сіл на салідарнасць з Беларуссю. Мы ўдзячныя нашым сябрам, калегам з усіх еўрапейскіх краін, якія сёння нас падтрымалі. Міжнародная салідарнасць дапамагае вызваляць людзей з турмаў, ратаваць жыцці тым, хто змагаецца за дэмакратыю ў аўтарытарных краінах. І сёння гэта праява салідарнасці, гэтая магчымасць стаць сябрамі еўрапейскай сям’і для хрысціянскіх дэмакратаў Беларусі надзвычай важныя», – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, што Еўрапейская народная партыя з’яўляецца найбуйнейшай палітычнай сілай Еўропы і Еўрапейскага саюза, якая аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах хрысціянска-дэмакратычныя і правацэнтрысцкія партыі. Прадстаўнікі ЕНП узначальваюць Еўрапарламент (Антоніё Таяні), Еўракамісію (Жан-Клод Юнкер) і Раду ЕС (Дональд Туск). Партыі-члены ЕНП з’яўляюцца кіруючымі ў Германіі, Нарвегіі, Ірландыі, Швейцарыі, Іспаніі, Венгрыі, Сербіі, Арменіі, Харватыі, Македоніі, Балгарыі, Румыніі і іншых краінах.
EPP Political Assembly has just accepted #Belarus Christian Democratic Party in our pol family &reiterate all pol prisoners must be released pic.twitter.com/4IgFpX1sIf
— EPP (@EPP) 29 марта 2017 г.