«Чарнобыльскі шлях» можа прайсці па новым маршруце

30 сакавіка 2017 20:55  |  Галоўныя навіны

«Чарнобыльскі шлях» можа прайсці па новым маршруце

Аргкамітэт па правядзенні “Чарнобыльскага шляху” прапануе Мінгарвыканкаму новы маршрут планаванага ў Менску шэсця, прымеркаванага да чарговых угодкаў аварыі на ЧАЭС 26 красавіка.

Рашэнне аб гэтым было прынята 30 сакавіка на пасяджэнні аргкамітэта. У яго ўвайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ і яе моладзевай структуры «Моладзь БНФ», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі “Зялёныя”, аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», кампаніі «Гавары праўду», руху «За Свабоду», руху салідарнасці «Разам».

На першым пасяджэнні аргкамітэта было разгледжана некалькі варыянтаў маршруту планаванага шэсця.

Акрамя традыцыйнага – ад кінатэатра “Кастрычнік” да капліцы памяці ахвяр Чарнобыля каля плошчы Бангалор, былі выказаны прапановы сабрацца каля Чырвонага касцёла на плошчы Незалежнасці з наступным шэсцем да капліцы, а таксама прапанова сабрацца каля Акадэміі навук і прайсці да Адміністрацыі прэзідэнта.

Аднак большасцю галасоў аргкамітэт акцыі зацвердзіў маршрут з кропкай збору каля тэатра оперы і балета і наступным шэсцем па вуліцы Максіма Багдановіча да чарнобыльскай капліцы.

Заяўку на правядзенне акцыі плануецца падаць у Менгарвыканкам 3 красавіка.

Пры гэтым члены аргкамітэта заявілі, што яны прымуць канчатковае рашэнне па фармаце акцыі ў залежнасці ад таго, ці зацвердзяць улады горада гэты новы маршрут. Абсалютная большасць удзельнікаў аргкамітэта сышліся ў меркаванні пра неабходнасць дамагацца таго, каб акцыя была санкцыянаваная.

У каментары БелаПАН сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец адзначыў, што шэсце ад опернага тэатра да капліцы – «вельмі добры варыянт».

«Па-першае, гэта свежы маршрут. Па-другое, шлях становіцца даўжэй. А па-трэцяе, кропка збору не будзе асацыявацца ў людзей з разгонам, які адбыўся 25 сакавіка», – сказаў ён.

«У 1990-я гады Беларускі Народны Фронт паспяхова праводзіў там мітынгі. Акрамя таго, мяняць маршрут важна для таго, каб паказаць, што мы праяўляем ініцыятыву, а не зыходзім з якіх-небудзь штампаў мінулых акцый. Акрамя гэтага, на вуліцы Багдановіча шмат жылых дамоў, шмат людзей зможа там убачыць нас і пачуць нашы лозунгі», – дадаў палітык.

Naviny.by

Болей навін