На акцыі каля КДБ затрыманы Павел Севярынец
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец затрыманы супрацоўнікамі міліцыі вечарам 31 сакавіка каля будынка КДБ на праспекце Незалежнасці ў Мінску.
Севярынец прыйшоў да КДБ, каб прыняць удзел у акцыі салідарнасці з затрыманымі па справе аб так званай арганізацыі масавых беспарадкаў. Севярынец паспеў падняць два плакаты з партрэтамі затрыманых і выгукнуць “Свабоду палітвязням!”.
Нагадаем, сёння суд Савецкага раёна выпісаў Севярынец дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі ў падтрымку Курапатаў. Пры гэтым Севярынец не быў арыштаваны проста ў судзе.
Разам з ім сёння каля КДБ затрымалі, як мінімум, яшчэ аднаго чалавека.
Каля КДБ зараз сабраліся супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным і журналісты. З актывістаў да КДБ прыйшла толькі Ніна Багінская.
На бліжэйшых вуліцах стаяць некалькі аўтазакаў і аўтобусаў з супрацоўнікамі міліцыі.