БХД патрабуе спыніць ціск на Паўла Севярынца
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел
Севярынец можа правесці за кратамі ў суме каля двух месяцаў.
На дадзены момант ён ужо адбыў 15 сутак арышту – з 12 да 27
сакавіка за ўдзел у мітынгу пратэсту супраць дэкрэту пра дармаедаў у Воршы.
Затым 31 сакавіка ён быў паўторна асуджаны на 10 сутак арышту за мітынг 3
сакавіка ў абарону Курапатаў – месца масавых расстрэлаў у часы сталінскіх
рэпрэсій, якое беларускія ўлады ў чарговы раз спрабуюць забудаваць.
На волю ён мусіць выйсці 10 красавіка, адбыўшы ў суме за
кратамі 25 дзён. Але, як стала вядома, у дачыненні да яго ўжо заведзеныя
мінімум дзве новыя адміністратыўныя справы: за сустрэчу на волі 30 сакавіка
людзей, якія былі затрыманыя 25 сакавіка ў Менску, і за акцыю салідарнасці 31
сакавіка з людзьмі, якіх КДБ ілжыва абвінаваціў у падрыхтоўцы масавых
беспарадкаў. За гэта яго могуць асудзіць разам яшчэ на 30 сутак арышту, у
выніку па суме Павел Севярынец у сакавіку-красавіку правядзе за кратамі 55
дзён, ці амаль два месяцы.
Беларуская хрысціянская дэмакратыя патрабуе неадкладна вызваліць сустаршыню БХД і пакласці канец яго
судоваму пераследу за рэалізацыю сваіх канстытуцыйных і агульначалавечых правоў
на свабоду сходаў.Таксама
БХД рассылае адпаведныя звароты да сваіх міжнародных партнёраў з просьбай
аказаць ціск на ўлады Беларусі ў гэтым пытанні.