Віталь Рымашэўскі: улады ператвараюць грамадзян Беларусі ў бяспраўных рабоў (відэа)
У першы раз за
многія гады беларускія палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і прафсаюзы
выступаюць разам, арганізуючы супольную акцыю пратэсту – “Марш салідарнасці” 1
траўня ў Менску. Пра гэта 18 красавіка на прэс-канферэнцыі заявіў сустаршыня
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
“І гэта толькі
пачатак нашай больш шчырай каардынацыі дзейнасці. Сёння ўлады не толькі
заяўляюць, што яны спадкаемцы Савецкага Саюзу. Яны і метады працы, і правілы
жыцця беларускага грамадства ладзяць па мерках СССР”, – падкрэсліў ён.
Паводле яго, СССР
выжываў толькі за кошт танных нафты і газа і рабскай працы грамадзян. Сёння ж,
калі магчымасці атрымання звышпрыбыткаў ад перапрацоўкі нафты абмяжоўваюцца,
улады Беларусі робяць стаўку на другі метад – закабаленне беларускага народу і
ператварэнне ўсіх грамадзян краіны ў бяспраўных рабоў у адсутнасць незалежнай
судовай сістэмы і справядлівых выбараў. “Сёння прыйшоў час быць салідарнымі”, –
заявіў Віталь Рымашэўскі.
Пры гэтым
сустаршыня БХД звярнуўся да супрацоўнікаў збанкрутаваных прадпрыемстваў, якія
не выходзілі на акцыі пратэсту, а сёння апынуліся фактычна выкінутымі на
вуліцу. “Прыйшоў час губляць свой страх”, – дадаў ён, падкрэсліўшы стратэгію
мірных акцый пратэсту.
“Можна лічыць,
што 1 траўня – гэта крок да агульнанацыянальнага страйку, які мусіць падтрымаць
уся краіна: і працоўныя, і служачыя, і іншыя катэгорыі грамадзян. Марш
салідарнасці таксама азначае, што мы сёння не падзяляем сацыяльныя патрабаванні
і палітычныя. Марш салідарнасці 1 траўня – гэта таксама марш салідарнасці з
палітвязнямі”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Таксама, паводле
яго, запланаваны круглы стол і шэраг іншых мерапрыемстваў, якія закліканыя
падкрэсліць супольныя дзеянні палітычных партый, грамадскіх арганізацый і
прафсаюзаў.