Павел Севярынец: у Менгарвыканкама ёсць час да пятніцы

18 красавіка 2017 14:37  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: у Менгарвыканкама ёсць час да пятніцы

 

Заяўнікі традыцыйнага “Чарнобыльскага шляху”,
запланаванага на 26 красавіка, будуць патрабаваць ад Менгарвыканкама змяніць
час правядзення акцыі.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 18 красавіка сустаршыня па
стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец, заўтра
яны маюць намер наведаць Менгарвыканкам, каб запатрабаваць перанесці акцыю з
14:00 (час, прапанаваны гарвыканкамам) на 18:00, як першапачаткова планавалі
арганізатары.

Заяўнікі прасілі дазволіць збор удзельнікаў акцыі каля
тэатра оперы і балета і наступнае шэсце па вуліцы Максіма Багдановіча да
чарнобыльскай капліцы, размешчанай у раёне плошчы Бангалор. Аднак
Мінгарвыканкам змяніў фармат акцыі, дазволіўшы збор удзельнікаў на пляцоўцы
каля Акадэміі навук і шэсце да плошчы Бангалор. Пры гэтым быў зменены час правядзення мерапрыемства з заяўленых 18:00 на 14:00.

На пасяджэнні аргкамітэта 18 красавіка было вырашана не
настойваць на заяўленым маршруце акцыі, але патрабаваць змены часу яе
правядзення.

«У Мінгарвыканкама ёсць час да пятніцы, каб дазволіць
правядзенне акцыі ў 18:00. Праводзіць акцыю а 14:00 мы не будзем. 26 красавіка
– гэта рабочы дзень, прызначаць акцыю на такі час з’яўляецца простым здзекам, яе
фактычным яе забаронай», – заявіў Павел Севярынец.

Калі ж гарадскія ўлады не зменяць свайго рашэння, аргкамітэт
будзе заклікаць прыйсці на санкцыянаваны гарвыканкамам мітынг з нагоды гадавіны
аварыі на ЧАЭС, які арганізуе 26 красавіка ў Кіеўскім скверы
Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ. Час яго правядзення – з 18:00 да 20:00
гадзін.

Заяўнікамі «Чарнобыльскага шляху» ў гэтым годзе з’яўляюцца
намеснікі старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў, Беларускай партыі
“Зялёныя” Дзмітрый Кучук, руху «За Свабоду» Юрась Меляшкевіч, а
таксама прадстаўнікі БХД Аляксандр Кавалькоў і кампаніі «Гавары праўду» Віталь
Лакотка.

У аргкамітэт па правядзенні акцыі ўваходзяць прадстаўнікі
Партыі БНФ і яе моладзевай структуры «Моладзь БНФ», Аб’яднанай грамадзянскай
партыі, Беларускай партыі “Зялёныя”, аргкамітэта па стварэнні партыі
«БХД», кампаніі «Гавары праўду», а таксама рухаў «За Свабоду» і «Разам».

Naviny.by

Болей навін