Праграма БХД. Развіццё навукі як нацыянальны прыярытэт

21 красавіка 2017 08:55  |  Галоўныя навіны

Праграма БХД. Развіццё навукі як нацыянальны прыярытэт

 

3.5.1. Навука для нас
– гэта спосаб даследавання і спазнання свету, створанага Богам. Мэтай гэтага
спосабу ёсць не столькі выяўленне матэрыяльных магчымасцей і не змяненне
закладзеных Творцам у чалавека законаў жыцця – а найперш агульнае дабро.

3.5.2. Мы памятаем,
што Беларусь дала свету геніяльных навукоўцаў – даследчыкаў Азіі і Амерыкі:
Мікалая Пржавальскага, Яна Чэрскага, Ігната Дамейку, Язэпа Гашкевіча;
палеагеографа Гаўрыла Гарэцкага, заснавальніка глебазнаўства Васіля Дакучаева,
вынаходніка ракетаў Казіміра Семяновіча і стваральніка звышгукавых рэактыўных
самалетаў Паўла Сухога, вядучых канструктараў амерыканскай астранаўтыкі Барыса
Кіта і савецкай касманаўтыкі Сямёна Косбэрга, прабацьку радыё Якуба
Наркевіча-Ёдку і патрыярха кібернэтыкі Аляксандра Маліноўскага, нобелеўскіх
лаўрэатаў у галіне хіміі Ілью Прыгожына і фізікі Жарэса Алфёрава, заснавальніка
сучаснай медыяіндустрыі Давіда Сарнова, многіх іншых – і згадваем, што
большасць з іх сумяшчала адданасць навуцы з верай у Бога.

3.5.3. Навука ў
сучасным свеце робіцца галоўнай вытворчай сілай грамадства. Мы ганарымся тым,
што Беларусь дала чалавецтву столькі вынаходнікаў і навуковых адкрыццяў.
Беларусь імкнецца заняць месца сярод навукаёмістых і тэхналагічных эканомік свету,
таму развіццё навуковых даследаванняў, выкарыстанне навуковых распрацовак у
вытворчасці з’яўляецца для нас важнай задачай. Гэта патрабуе перагледзець
сістэму фінансавання навукі. БХД выступае за стварэнне дзяржаўных фондаў для
фінансавання навуковых даследаванняў, якія будуць размяркоўваць бюджэтныя
сродкі і вылучаць гранты на правядзенне навуковых даследаванняў. Дзяржава
мусіць звяртаць увагу і аказваць падтрымку ўсім навукам – і прыродазнаўчым, і
тэхнічным, і сацыяльным, і гуманітарным.

3.5.4. Неабходна
аднавіць самакіраванне Нацыянальнай Акадэміі навук. БХД лічыць неабходным
стварыць асобнае Міністэрства навукі і тэхналогіяў, якое будзе займацца
выпрацоўкай і ажыццяўленнем дзяржаўнай палітыкі ў галіне падтрымкі і развіцця
навукі, садзеяннем развіццю навукі і навуковага патэнцыялу, інфраструктуры і
чалавечага рэсурса навукі, паглыбленнем сувязяў з сусветнымі ўстановамі навукі.
Навуковыя даследаванні мэтазгодна перавесці з НДІ ва ўніверсітэты.

3.5.5. У кантэксце
сацыяльнай адказнасці бізнэсу будзе вітацца актыўны ўдзел у падтрымцы навукі
прыватнага капіталу, стварэнне прыватных фондаў і мецэнацтва. БХД з’яўляецца
прыхільніцай глыбокай міжнароднай кааперацыі ў навуцы і даследаваннях.

3.5.6. Для
паўнавартаснага развіцця навукі неабходна вярнуць навуковай працы прэстыж і
павагу ў беларускім грамадстве, забяспечыць высокія заробкі навуковым
супрацоўнікам на ўзроўні сярэднееўрапейскіх.

З праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім
сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года

 

#100гадоўБХД

Болей навін