Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка жыве ў віртуальнай Беларусі

21 красавіка 2017 16:00  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка жыве ў віртуальнай Беларусі

 

Сустаршыня
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў пасланне 21
красавіка Аляксандра Лукашэнкі да народу і Нацыянальнага сходу. “Адчуванне, што
Аляксандр Лукашэнка і беларускі народ жывуць у розных краінах. Уражанне, што ён
стварыў для сябе віртуальную Беларусь і проста закрываецца ад тых праблем, якія
існуюць насамрэч”, – заявіў ён.

На яго думку,
адны заявы Лукашэнкі наўпрост супярэчылі іншым. “З аднаго боку кажа пра
адзінства нацыі, а з другога боку да вялікіх груп насельніцтва – незалежных журналістаў,
апазіцыі, “дармаедаў” – ставіцца як да ворагаў народу і прапануе ўжываць тыя ж
самыя метады, як у Савецкім Саюзе”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

“Беларускі народ
чакае ад Аляксандра Лукашэнкі адказу толькі на адно пытанне: калі ён сыдзе і
перадасць уладу дэмакратычнаму ўраду. На гэта пытанне адказу няма. А адсутнасць
адэкватнага разумення кіраўніцтвам краіны сітуацыі, яго жаданне кіраваць
старымі савецкімі метадамі і няўменне прызнаваць свае ўласныя памылкі
непазбежна вядзе Беларусь да сацыяльнай і эканамічнай катастрофы. Адказаць на
гэта можна толькі кансалідацыяй усіх здаровых сілаў грамадства: бізнэсу,
дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, прафсаюзаў – і іх супольнымі
дзеяннямі, скіраванымі на абарону людзей ад гвалту і на патрабаванне свабодных
і справядлівых выбараў і адстаўкі дзейснай улады”, – адзначыў Віталь
Рымашэўскі.

Болей навін