У Бруселі Віталь Рымашэўскі распавёў, як весці перамовы з Менскам
Сустаршыня
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі 10 траўня ўзяў удзел у
панэльнай дыскусіі “Як ЕС можа падтрымаць Беларусь?”, арганізаванай “Цэнтрам еўрапейскіх
даследванняў імя Вільфрыда Мартэнса”. У дыскусіі ўдзельнічалі таксама еўрадэпутат
ад Еўрапейскай народнай партыі Артыс Пабрыкс і беларускі палітык Андрэй
Саннікаў, еўрадэпутаты і еўрапейскія аналітыкі.
Апроч таго,
Віталь Рымашэўскі правёў сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрапейскай народнай партыі
і дэпутатамі Еўрапарламенту ад яе.
“Цэнтр імя
Вільфрыда Мартэнса – гэта інстытуцыя Еўрапейскай народнай партыі, партнёра БХД
і Правацэнтрысцкай кааліцыі. Для нас гэтае партнёрства вельмі важнае, бо
Еўрапейская народная партыя на сёння – адна з самых прынцыповых еўрапейскіх сіл
у дачыненні да Беларусі. Яна не перастае сачыць за сітуацыяй у Беларусі і
патрабаваць вызвалення палітвязняў. На днях адпаведную заяву зрабіў прэзідэнт
ЕНП Жазэф Доль, патрабуючы спыніць пераслед грамадзян і персанальна сустаршыні
БХД Паўла Севярынца. Гэта таксама вынік нашых шчыльных кантактаў і таго даверу,
які ўсталяваўся ў камунікацыі паміж хрысціянскімі дэмакратамі і еўрапейскімі
партнёрамі”, – адзначыў сустаршыня БХД.
Ён падкрэсліў,
што падчас усіх сустрэч падымаў пытанне правоў чалавека ў Беларусі, стратэгіі
ЕС у дачыненні да Беларусі, новых выклікаў у сувязі з эканамічным крызісам і
расейскай пагрозай.
“Пазіцыя
хрысціянскіх дэмакратаў палягае на тым, што Еўрасаюз мусіць патрабаваць
безумоўнага спынення рэпрэсій у Беларусі, вызвалення ўсіх палітвязняў. Без
гэтага любое паглыбленне стасункаў ЕС з Беларуссю будзе азначаць фактычнае адабрэнне
палітычных рэпрэсій у краіне. Сёння беларускія ўлады імкнуцца да паглыбленага
супрацоўніцтва з ЕС, вядуць перамовы пра падпісанне базавага пагаднення з ЕС.
Але гэтыя перамовы нельга весці без палітычнай апазіцыі і грамадзянскай
супольнасці. Любое паглыбленне стасункаў з Беларуссю павінна прадугледжваць
дарожную мапу, перадусім, палітычных рэформ, выканання правоў чалавека і
правядзенне свабодных выбараў. Без палітычных рэформаў любыя праекты
эканамічных рэформ пацерпяць крах. Сёння выкананне правоў чалавека ў Беларусі
актуальна для бізнэсменаў, для простых працоўных актуальна не менш, чым для
палітыкаў”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.