Праграма БХД. Арганізацыя дзяржаўнай улады на павятовым узроўні
4.3.1. БХД лічыць неабходным перадаць у паветы істотныя ўладныя паўнамоцтвы, якія будуць падзелены паміж выканаўчай і прадстаўнічай уладамі павета.
4.3.2. Выканаўчая ўлада ў павеце належыць Павятоваму Старасце, які абіраецца непасрэдна насельніцтвам павета тэрмінам на 4 гады. Павятовы Стараста ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва паветам, ён падсправаздачны зямельнаму органу прадстаўнічай улады – Сойму павятоваму.
4.3.3. Выканаўчая ўлада павета павінна забяспечыць ажыццяўленне палітыкі на сваіх тэрыторыях па такіх кірунках, як ахова грамадскага парадку і барацьба са злачыннасцю, адукацыя, ахова навакольнага асяроддзя, ахова здароўя, рэгіянальнае эканамічнае развіццё, сямейная, моладзевая палітыка, паслугі ў сферы культуры, спорту, турызму і вольнага часу, грамадзянская абарона, будаўніцтва і эксплуатацыя дарог рэгіянальнага значэння.
4.3.4. Сойм павятовы – орган прадстаўнічай улады павета, які абіраецца насельніцтвам павета на прамых выбарах па мажарытарнай сістэме простай большасці тэрмінам на 4 гады. З ліку дэпутатаў абіраецца Маршалак павятовы.
4.3.5. Колькасць дэпутатаў Сойма павятовага вызначаецца ў залежнасці ад колькасці жыхароў павета, якія валодаюць выбарчым правам, і павінна складаць не менш за:
21 – у павеце з колькасцю жыхароў да 250 000;
31 – у павеце з колькасцю жыхароў ад 250 000 да 400 000;
41 – у павеце з колькасцю жыхароў болей за 400 000
4.3.6. Сойм павятовы, надзелены заканадаўчай ініцыятывай, кантралюе дзейнасць адміністрацыі Павятовага Старасты, уводзіць рэгіянальныя падаткі і зборы і выконвае іншыя функцыі, аднесеныя ў кампетэнцыю рэгіянальнага ўзроўню. Рашэнні Павятовай Асамблеі па пытаннях, якія знаходзяцца ў яе выключнай кампетэнцыі, не падлягаюць адмысловаму кантролю з боку рэспубліканскіх улад. Аднак гэтыя рашэнні могуць быць разгледжаны адміністрацыйным судом у парадку абскарджання жыхарамі павета або адменены Канстытуцыйным судом у выпадку парушэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
З праграмы БХД “Народная партыя з хрысціянскім сэрцам”, прынятай 13 чэрвеня 2015 года