Павел Севярынец. Маральная рэвалюцыя (відэа)
Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня камуністычнай кастрычніцкай рэвалюцыі. Той
рэвалюцыі, якая прынесла ў Беларусь кроў, мільёны ахвяраў, разбурэнне краіны і
грамадства. Той рэвалюцыі, наступствы якой мы не вычарпалі яшчэ і да сёння.
І таму, канечне, зараз, калі мы чуем, што Беларусі патрэбная рэвалюцыя, мы
ўнутрана жахаемся.
Якая рэвалюцыя патрэбная беларусам насамрэч?
Беларуская хрысціянская дэмакратыя спавядае негвалтоўны супраціў, негвалтоўнае
змаганне. Як напісана ў Бібліі – наша змаганне не супраць плоці і крыві, але супраць
духаў злосці паднябесных, супраць нянавісці якая вызначала тую ж самую
кастрычніцкую рэвалюцыю.
Дык якая ж рэвалюцыя патрэбная Беларусі? За часы
камуністычнага кіравання і за часы дыктатуры Лукашэнкі для беларусаў нормай
стала красці, нормай стала хлусіць, нормай стала баяцца і палохаць іншых, а
калі ў грамадстве ўсталяваная такая норма, дык пабудаваць шчаслівае грамадства
ці моцную дзяржаву на гэтым пяску проста немагчыма.
Беларусам трэба вяртацца да маральных нормаў – да
праўды, свабоды і справядлівасці. Як раз такая маральная рэвалюцыя, якая ідзе ў
кожным сэрцы, і павінная адбыцца ў нас.
Бо сапраўды, паглядзіце, ці норма ў Беларусі – весці
цвярозы лад жыцця. Не, насамрэч норма – піць. Калі ты не п’еш, значыць, ты
хворы альбо ты нас не паважаеш. У Беларусі норма красці. Каб жыць у шчасці
трэба красці, красці, красці. Калі ты не крадзеш, ты таксама белая варона.
Дзяржава крадзе ў нас па-буйному, а мы крадзем у яе па-дробненькаму. Норма
баяцца і палохаць іншых. Тут няма чаго казаць, калі дзяржава выводзіць у Дзень
Волі ў цэнтар Мінску тысячы і тысячы спецназаўцаў, хапае дзяцей, жанчын –
мірных грамадзян, якія прыйшлі на мірную акцыю пратэсту, збівае іх і пасля дае
ім суткі, гэта, канечне, сведчыць пра норму страху, якая ў галовах у сучасных
чыноўнікаў.
Дарагія сябры, норма для беларускага грамадства –
гэта любіць сваю краіну, а не грэбаваць сваёй мовай, якая дадзеная нам Богам.
Норма – гэта верыць у Бога. Тысячу гадоў Беларусь была моцнай і паспяховай,
калі яна верыла, і развальвалася, калі яна знявервалася. Норма верыць, а не
ганарыцца сваім атэізмам, хай сабе і праваслаўным.
Як напісана ў Бібліі – Валадарства нябёснае
пачынаецца ў нашых сэрцах. І маральная рэвалюцыя – гэта тыя перамены,
радыкальныя, рашучыя, якія нам патрэбныя ў першую чаргу знутры. Калі ў Беларусі
будзе маральная рэвалюцыя, калі кожны з нас прыйдзе да пакаяння, да навяртання,
да веры ў Бога і любові да сваёй краіны, тады Беларусь пераменіцца.
Павел Севярынец