Георгій Дзмітрук: Беларускі народ стаміўся ад адсутнасці справядлівасці
Прадстаўляем вашай
увазе прамову сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Георгія Дзмітрука,
з якой ён выступіў 24 траўня на канферэнцыі, прысвечанай стагоддзю БХД:
“Паважаныя калегі, паважаныя госці!
100-годдзе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі супала з
500-годдзем Беларускай Бібліі, надрукаванай Францыскам Скарынам. Безумоўна,
гэта мае глыбокі духоўны сэнс – Біблія дае нашаму народу Надзею, закладзеную ў
тэкстах Старажытнай Кнізе Мудрасці:
Другая Кніга Летапісаў, раздзел сёмы, верш чатырнаццаты:
«І ўпакорыцца народ Мой, які называецца імем Маім, і будуць
маліцца, і шукацьмуць аблічча Майго, і адвернуцца ад благіх шляхоў сваіх, дык Я
пачую зь неба і дарую грахі іхнія і ацалю зямлю іхнюю».
Такім чынам, духоўны подзвіг вялікіх беларусаў Францішка
Скарыны, Мікалая Радзівіла Чорнага, Сымона Буднага і шматлікіх іншых з’яўляецца
актуальным у сучаснай беларускай гісторыі. 500 гадоў таму наша краіна была ў
цэнтры еўрапейскага духоўнага жыцця і еўрапейскай палітыкі. Сёння мы з вамі
адказныя за тое, каб вечныя хрысціянскія каштоўнасці і рэцэпты пабудовы больш
справядлівага грамадства, пра якія марыў вялікі Скарына, былі запатрабаваныя ў
нашым грамадстве.
Некалькі тэзаў пра сітуацыю ў краіне.
Першае. Беларускі народ стаміўся ад адсутнасці
справядлівасці. Звяртаючыся ў суд грамадзянін не можам даказаць сваю
невінаватасць. Апраўдальны прысуд – гэта рэдкасць. Справядлівы або міласэрны прысуд
– гэта вельмі вялікая рэдкасць. На мой погляд, стан судовай сістэмы гэта –
галоўная прыкмета бездухоўнасці і дэградацыі кіруючага рэжыму. Атрымліваць
асалоду ад безабароннасці простага чалавека перад тварам жорсткага рэпрэсіўнага
апарату – гэта верх цынізму і бязбожнасці. Міласэрнасць і спачуванне сёння не ў
цане. І гэта факт.
Другое. Пастаянны эканамічны крызіс у Беларусі – гэта не
ёсць адлюстраванне сучасных сусветных тэндэнцый, гэта, перш за ўсё, вынік
20-гадовай дзейнасці адміністрацыйна-каманднай сістэмы эканомікі, не здольнай
мяняцца ў новых рынкавых умовах. Адсутнасць рэформаў ставіць нас у бязвыхаднае
становішча. І таму ў мяне ёсць поўнае права заявіць сёння: нас чакае
эканамічнае дно. І трэба разумець гэта. І мы абавязаны гаварыць пра гэта нашым
людзям.
Адсутнасць справядлівасці і эканамічны крызіс – гэта
галоўныя выклікі сучаснай сітуацыі ў год 100-годдзя Беларускай Хрысціянскай
Дэмакратыі. І нам трэба ўлічваць гэта ў планаванні дзейнасці БХД на бліжэйшы
год.
Трохі скажу аб сітуацыі ў адносінах паміж Дзяржавай і
Царкоўнымі арганізацыямі. Мы памятаем пра тое, што веруючыя людзі з’яўляюцца
нашай галоўнай мэтавай аўдыторыяй. На падтрымку вернікаў мы разлічваем у першую
чаргу ў нашай штодзённай палітычнай працы. Менавіта ў царкве мы чэрпаем і
духоўныя, і інтэлектуальныя рэсурсы. Такім чынам, нас вельмі хвалюе сучасны
стан хрысціянскага супольнасці.
На мой погляд, за апошнія некалькі гадоў, канкрэтней, з
моманту пачатку расійскай афёры ва Украіне, узаемаадносіны Дзяржавы і Царквы ў
Беларусі змяняюцца істотным чынам. Але калі вы спытаеце: «У які бок мяняюцца
адносіны?», адкажу: «Пакуль не зразумела».
Яшчэ 10 гадоў таму рэжым не быў гатовы да перагляду сваіх
узаемаадносін да розных царкоўных групаў і аб’яднанняў. Больш за тое, рэжым не
разглядаў хрысціянскую супольнасць як самастойнага і ўплывовага гульца за
розумы і сэрцы беларусаў. Рэжым проста ігнараваў просьбы і запыты рэлігійных
груп. Гэта заўсёды з’яўлялася тыповай мадэллю паводзінаў дзяржавы ў савецкі
перыяд. У выніку, пагрозы і маніпуляцыі сталі звычайнымі метадамі ўздзеяння на
хрысціянскую супольнасць. Але ў апошні час з’явіліся нейкія новыя тэндэнцыі ва
ўзаемаадносінах. Магчыма сёння рана казаць пра гэта. На фоне вельмі складанай
сітуацыі ў суседняй Расіяй, звязаных з новым законам «Яравой» і наступнымі
рэпрэсіямі супраць некаторых рэлігійных груп, сітуацыя ў Беларусі выглядае
некалькі пазітыўнай. Будзем уважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі і з
асаблівай заклапочанасцю – за сітуацыяй у Расіі.
Сябры! 100 гадоў Хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі – гэта
сапраўды вялікая дата для кожнага з нас. Нашы партнёры ў Заходняй Еўропе
дамагліся вельмі вялікіх вынікаў за гэты час. Сёння я хачу сказаць: у нас ёсць
на каго раўняцца, і ў нас ёсць падмурак, на якім мы стаім. Хрысціянскія
каштоўнасці, якія з’яўляліся актуальнымі 100 гадоў таму, патрэбныя беларускаму
народу і зараз! Гэта наш падмурак. Мы будзем набліжаць хрысціянскую дэмакратыю
і хрысціянскую салідарнасць усімі сіламі, і служыць беларускаму народу, як
наказваў у сваім Слове Ісус Хрыстос.
Жыве Беларусь!”