Разгляд скаргі на зрыў Дня Волі перанеслі на час пасля сесіі ПА АБСЕ

06 ліпеня 2017 17:36  |  Галоўныя навіны

Разгляд скаргі на зрыў Дня Волі перанеслі на час пасля сесіі ПА АБСЕ

 

У Менскім
гарадскім судзе адбыліся папярэднія слуханні па разглядзе касацыйный скаргі
адказнага сакратара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніса Садоўскага на
зрыў Менгарвыканкамам акцыі да Дня Волі 25 сакавіка. У судзе, апроч пазоўніка,
прысутнічалі 15 чалавек, у тым ліку сябры БХД, лідар Сацыяльна-хрысціянскага
руху Вольга Кавалькова, прадстаўнікі дыпламатычных місій, журналісты.
Менгарвыканкам слуханні праігнараваў.

Дзяніс Садоўскі і
яго адвакат яшчэ раз акрэслілі парушэнні з боку Менгарвыканкаму, зрабіўшы
акцэнт на тым, што гарадскія ўлады парушылі закон аб масавых мерапрыемствах,
калі адказ быў дадзены не за пяць сутак да 25 сакавіка, як патрабуе закон, а
толькі напярэдадні ўвечары. Тым самым акцыя была сарваная, і віна за тое, што
яна прайшла несанкцыянавана, ляжыць на Менгарвыканкаме.

Таксама Менскаму
гарадскому суду было прапанавана падлічыць прыклад, які не адужыў Менгарвыканкам
і суд Маскоўскага раёна – што ад 25 адняць 5 будзе 20, а не 24.

У выніку суд
прапанаваў працягнуць разгляд з абавязковым удзелам прадстаўніка
Менгарвыканкаму 13 ліпеня. Пачатак паседжання аб 11:00 у Менскім гарадскім
судзе.

“Хутчэй за ўсё, такое
рашэнне звязана з сесіяй ПА АБСЕ ў Менску і прысутнасцю ў судзе дыпламатаў.
Улады, відаць, не хацелі ганьбіцца, нахабна ігнаруючы факт відавочнага парушэння.
І таму вырашылі адкласці сваё рашэнне, каб вынасіць вердыкты ўжо пасля сесіі ПА
АБСЕ. Але праўда на нашым баку, таму мы спыняцца не збіраемся”, – адзначыў
адказны сакратар БХД.

Болей навін