У Менску прайшла сустрэча групы Еўрапейскай народнай партыі
Сустаршыня
Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі разам з іншымі
прадстаўнікамі Правацэнтрысцкай кааліцыі 7 ліпеня ўзяў удзел у сустрэчы групы
дэпутатаў Еўрапейскай народнай партыі, якая прайшла ў Менску ў межах сесіі
Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Удзел у мерапрыемстве ўзялі таксама тры кангрэсмены
з ЗША.
На сустрэчы
абмяркоўваліся пытанні адносін паміж Беларуссю і Еўразвязам, палітычных
рэпрэсій у Беларусі, нерэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў,
праблемы палітвязняў. Таксама разглядалася пытанне развіцця трансатлантычнай супрацы
правацэнтрысцкіх партый Еўропы і Амерыкі.
“Вельмі важна,
што прыехалі людзі з розных краін. Улады сёння сцвярджаюць, што ў Беларусі не
засталося ніводных палітвязняў, таму падымалася і такое пытанне: ці ёсць
палітвязні ў нашай краіне. Наша пазіцыя – Правацэнтрысцкай кааліцыі і БХД –
палякае на тым, што вырашэнне праблем Беларусі знаходзіцца ні ў Вашынгтоне,
Брусэлі ці Крамлі, але тут. Таму прапануем уладам перамовы, дыялог, але
прадметны. Мы мусім рэфармаваць Беларусь. Яны павінны быць сістэмныя.
Эканамічныя рэформы павінны быць цесна звязаныя з сацыяльнымі і палітычнымі,
абаронай правоў чалавека ў краіне. Галоўнае, што трэба ў Беларусі – гэта свабодныя
і справядлівыя выбары”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
На сустрэчы ён
таксама падкрэсліў, што ўся падтрымка павінна быць накіраваная не на патрэбы
апазіцыі ці беларускіх уладаў, а на патрэбы беларускага народу. “Ад
безвыходнасці, жабрацтва, татальнай карупцыі сёння людзі выходзяць на плошчы,
бо не маюць ніякіх іншых спадзеваў змяніць сітуацыю ў нашай краіне. І гэта
вельмі небяспечна. Таму перадусім трэба ўлічваць іх інтарэсы. Інакш непазбежны
сацыяльны выбух, якім можа скарыстацца Расея. Таксама я казаў, што пры
вырашэнні пытанняў з Беларуссю Захаду не трэба аглядвацца на Расею. Беларусь –
незалежная краіна, і трэба падтрымліваць яе памкненні да незалежнасці. Сёння ж
на Захадзе зноў чуваць галасы, што інтарэсы Беларусі трэба ўлічваць толькі ў
кантэксце інтарэсаў Крамля. Гэта вельмі небяспечна, і мы будзем гэтаму
супрацьстаяць”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.