Аднаўленне Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці (БХДЗ) у 1991

21 жніўня 2017 10:19  |  Грамадства

Аднаўленне Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці (БХДЗ) у 1991

 

Увесну 1991 года сярод сябраў БНФ склалася ініцыятыўная група аднаўлення Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. Збіраліся ў Доме Бембеля – сядзібе скульптара Андрэя Бембеля і ягонага сына Алега ў цэнтры Менску, дзе цяпер месціцца Саюз Мастакоў Беларусі. Ідэя была стратэгічная: адрадзіць легендарную хрысціянска-дэмакратычную партыю, усталяваць стасункі з міжнародным хадэцкім рухам, у хаўрусе з БНФ ды БСДГ ахапіць большую частку беларускага палітычнага поля, узяць уладу і ператвараць посткамуністычную Беларусь паводле запаветаў Хрыста.

1 чэрвеня 1991 года у Мінску адбылася ўстаноўчая канферэнцыя Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучнасці. Удзельнічалі 102 чалавекі, у асноўным прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі – менавіта яны сталі ядром новай партыі. Паводле Статута, сябрам БХДЗ мог быць любы грамадзянін Беларусі, які падзяляе маральна-этычныя запаветы Хрыста.

Сустаршынямі БХДЗ сталі грамадскі актывіст Міхась Арэшкаў (ад праваслаўных), пастар Беларускай Евангельскай Царквы Эрнст Сабіла (ад пратэстантаў), паэтка й выкладчыца Ірына Багдановіч (ад рыма-каталікоў), мастак і скульптар Фелікс Янушкевіч (ад грэка-каталікоў) і Пятро Сілка (сустаршыня-каардынатар). 16 снежня 1991 года БХДЗ была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі.

БХДЗ аднавіла выданне знакамітай “Крыніцы”, якую рэдагаваў Алесь Траяноўскі. На той момант толькі БНФ і БХДЗ мелі свае масавыя партыйныя выданні.

Найбольш моцныя рэгіянальныя аддзяленні БХДЗ былі створаныя ў Гомелі, Гародні, Берасці, Магілёве, Полацку.

Кіраўніцтва БХДЗ наладзіла сувязь з Хрысціянска-Дэмакратычным Інтэрнацыяналам і падрыхтавала дакуманты для ўступлення ў сусветную хадэцкую сям’ю.

Разам з тым, галоўнай праблемай БХДЗ 1991-1994 гадоў была слабая сувязь з цэрквамі і асяроддзямі вернікаў, а таксама несістэмнасць працы з рабочым, маладзёвым, прадпрымальніцкім рухам. БХДЗ засталася нешматлюднай партыяй веруючай інтэлігенцыі – і хутчэй спробай, чым рэальным адраджэннем БХД.

З кнігі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя: 1917 – 2017”

 

Працяг будзе

Болей навін