Дзяніс Садоўскі – новы кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі БХД
20 верасня ў Менску адбыўся сход Менскай гарадской арганізацыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, на якім прысутнічалі больш за 40 чалавек актыву БХД у Менску, а таксама сустаршыні Павел Севярынец і Віталь Рымашэўскі.
Удзельнікі сходу заслухалі справаздачу старшыні Менскай гарадской БХД Вольгі Кавальковай за апошнія паўгады, якая была адзначаная станоўча. Таксама ў сувязі з тым, што яна будзе займацца каардынацыяй БХД у межах кампаніі «Права выбару», паступіла прапанова абраць новым старшынёй Менскай гарадской арганізацыі аргкамітэту Дзяніса Садоўскага. Яна была падтрыманая адзінагалосна.
Таксама былі зацверджаныя тры галоўныя кампаніі арганізацыі на бліжэйшыя паўгады: «За чыстую ваду», «Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» і «За льготны праезд у грамадскім транспарце для пенсіянераў», якой будзе займацца Менская сеньёрскай арганізацыя БХД.
«Менская арганізацыя прыме актыўны ўдзел у кампаніі назірання, вылучыць як мага большую колькасць назіральнікаў і актыўна займецца правядзеннем мясцовай кампаніі як у выстаўленні кандыдатаў для папулярызацыі партыі і прыцягнення новых людзей, так і ў рамках «Права выбару», – адзначыў Дзяніс Садоўскі.