Правацэнтрысцкая кааліцыя плянуе 100 пераможных кампаній

22 лістапада 2017 18:16  |  Галоўныя навіны

Правацэнтрысцкая кааліцыя плянуе 100 пераможных кампаній

 

Правацэнтрысцкая кааліцыя, у якую ўваходзяць АГП, рух «За свабоду» і БХД, плянуе правесьці як мінімум 100 пераможных кампаній у акругах. Кааліцыя дапускае, што ўлады могуць прапусьціць у мясцовыя саветы некалькі дзясяткаў апазыцыйных дэпутатаў, але гэта ня будзе азначаць, што міжнародная супольнасьць прызнае выбары легітымнымі, што ў краіне ідуць дэмакратычныя працэсы.

«Выбары пройдуць па старым сцэнары, на разгляд зьменаў у заканадаўства Цэнтравыбаркаму не хапіла часу»

Напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы правацэнтрысцкая кааліцыя падрыхтавала прапановы аб зьменах у выбарчае заканадаўства. Законапраект перадалі ўладам у першай палове году, аднак ніякай рэакцыі няма, кажа старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч:

​ЦВК сказаў, што на разгляд зьменаў у Выбарчы кодэкс не хапіла часу. Але наша перакананьне — не хапіла жаданьня штосьці прынцыпова мяняць. То бок выбары пройдуць па тым самым сцэнары, што і ў папярэднія гады. Таму вынікі падлягаюць сумневу, наўрад ці яны будуць прызнаныя легітымнымі».

«Прызначэньне дэпутатаў — гэта шлях у тупік»

Паводле Юрыя Губарэвіча, зыходзячы з палітычнай сытуацыі, з практыкі мінулага году, можна прагназаваць, што ўлады пойдуць на тое, каб дапусьціць у мясцовыя саветы некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў апазыцыі:

«Уладам трэба дэманстраваць хоць нейкі прагрэс на фоне адсутнасьці рэальных зьменаў у выбарчае заканадаўства і ў практыку правядзеньня выбараў».

​Старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька назваў прызначэньне дэпутатаў выклікам і пагрозай, шляхам у тупік.

«Ёсьць верагоднасьць, што дэпутаты будуць прызначаныя і ад апазыцыйных арганізацый і структур. Але гэта, на вялікі жаль, пагроза, што такая практыка можа быць легімітызаваная міжнароднай супольнасьцю. Для нас вельмі важна дабівацца, каб не было легітымізацыі вось гэтай практыкі прызначэньня. Лукашэнка надзяляе сябе правам вырашаць, хто з апазыцыі павінен быць дэпутатам ці то пасялковага Савету, ці то Палаты прадстаўнікоў. Гэта шлях у тупік. Гэта мы разглядаем як выклік, як пагрозу».

Новыя лідэры ў рэгіёнах, пікеты і вулічныя акцыі, міжнародныя назіральнікі

Правацэнтрысцкая кааліцыя ставіць на мясцовыя выбары тры стратэгічныя мэты, кажа сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ВітальРымашэўскі:

«Першая мэта — мы вылучым надзейных, моцных кандыдатаў у дэпутаты, іх будзе болей за 100, і яны правядуць пераможныя кампаніі ў сваіх акругах. Пераможныя кампаніі — каб пракантраляваць уладу, прымусіць яе альбо прызнаць гэтую перамогу, альбо мы выявім фальсыфікацыі, бо будзем назіраць.

Другая стратэгічная мэта — далучэньне і падтрымка новых лідэраў у рэгіёнах. Мы гатовыя аказаць ім мэтадычную, юрыдычную дапамогу, дапамагчы зарэгістравацца, правесьці пасьпяховую кампанію.

Мы заклікаем кандыдатаў выкарыстоўваць бел-чырвона-белыя сьцягі, нацыянальную сымболіку

Трэцяя стратэгічная задача — узмацніць кампаніі партый, якія вядуцца ў акругах. Выбары — гэта магчымасьць зноў агучыць нашы патрабаваньні, паказаць, што ёсьць альтэрнатыва. Мы заклікаем кандыдатаў выкарыстоўваць бел-чырвона-белыя сьцягі, нацыянальную сымболіку. Дэмакратычныя сілы павінны скарыстаць больш свабодныя ўмовы правядзеньня пікетаў, вулічных мерапрыемстваў дзеля таго, каб дайсьці да людзей».

На мясцовых выбарах ня будзе міжнародных назіральнікаў зь місіі АБСЭ, іншых структур. Таму правацэнтрысцкая кааліцыя зьбіраецца запрасіць маніторынгавую місію з Эўрапейскай народнай партыі, дэпутатаў Эўрапарлямэнту. Літаральна празь дзень лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі едуць у Брусэль і агучаць свае прапановы эўрапейскім партнэрам.

«Больш за 90% беларусаў ня лічаць гэтыя выбары сумленнымі»

Бальшыня беларусаў лічыць, што ў краіне няма сумленных выбараў, а гэта сьведчыць пра поўную дэвальвацыю выбарчай мадэлі, кажа лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Ён распавёў пра апытаньне, якое правёў у сацыяльных сетках:

«За 4 дні ў „Аднаклясьніках“ прагаласавала 6837 чалавек. І больш за 6300 чалавек адказалі, што „я ня буду браць удзел у выбарах, таму што ў Беларусі няма сумленных выбараў“.

Гэта сьведчыць пра тое, што сама выбарчая кампанія абсалютна непапулярная сярод большасьці людзей. Больш за 90% беларусаў ня лічаць гэтыя выбары сумленнымі. Гэта вялікае пытаньне для беларускіх уладаў.

Калі не мяняць заканадаўства, не мяняць правапрымяняльную практыку — людзі перастаюць верыць. А няма веры — няма легітымізацыі выбараў, нават адноснай, для беларускіх уладаў», — кажа Анатоль Лябедзька.

Колькі кандыдатаў вылучыць правацэнтрысцкая кааліцыя?

Правацэнтрысцкая кааліцыя мае намер перамагчы ў больш як 100 акругах, але гэта не азначае, што будзе вылучана столькі ж кандыдатаў. БХД вылучае больш за 100 кандыдатаў, удакладніў сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі. Анатоль Лябедзька дадаў, што кандыдаты ад АГП закрываюць 75 выбарчых акругаў. Усе гэтыя людзі ўжо прайшлі трэнінгі, навучаньне.

На пытаньне Свабоды, ці не атрымаецца так, што ў адной акрузе сыдуцца некалькі апазыцыйных кандыдатаў, старшыня руху «За свабоду» Юры Губарэвіч адказаў, што будзе сфармаваны адзіны сьпіс:

Ня будзе ніякага перасячэньня паміж кандыдатамі ад правацэнтрысцкай кааліцыі

«А гэта азначае, што ня будзе ніякага перасячэньня паміж кандыдатамі ад правацэнтрысцкай кааліцыі. Больш за тое, мы зрабілі прапанову іншым палітычным структурам, якія ўдзельнічаюць у кампаніі „Права выбару“, і ня толькі ім. У прыватнасьці, партыі „Справядлівы сьвет“. Тым больш што 18 111 акругаў даюць магчымасьць для разьмеркаваньня. Хаця ў вялікіх гарадах могуць быць пэўныя перасячэньні, але гэтае пытаньне будзем вырашаць».

Лідэры паведамілі, што ў межах кампаніі «Права выбару» кааліцыя супрацоўнічае зь сямю субʼектамі — гэта ўсе дэмакратычныя партыі і рухі, якія ўдзельнічаюць у гэтай выбарчай кампаніі.

«„Гавары праўду“ — наш апанэнт»

На ўдакладняльнае пытаньне Свабоды, ці супрацоўнічае правацэнтрысцкая кааліцыя з грамадзянскай кампаніяй «Гавары праўду», сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адказаў так:

«„Гавары праўду“ на сёньняшні дзень — наш апанэнт, зь якім мы дыскутуем і пра ацэнкі таго, што адбываецца ў Беларусі, і па стратэгіі. Неаднаразова мы ўдзельнічалі ў такіх дыскусіях і на міжнародным узроўні. На жаль, іх пазыцыя вельмі часта супадае з пазыцыяй дзейнай улады. Таму ў прынцыпе ў такім фармаце каардынацыя немэтазгодная. Гэта тычыцца, у прыватнасьці, гэтай выбарчай кампаніі.

Колькі дэпутатаў будзе прызначана, не адыгрывае ніякай ролі. Казаць пра тое, што на падставе прызначэньня дэпутатаў ад апазыцыі, на падставе іх колькасьці можна будзе казаць і меркаваць пра паляпшэньне, дэмакратычныя працэсы — гэта азначае гуляць на баку ўлады. Пакуль ёсьць такія заявы, супраца немагчымая».

 

Іна Студзінская, Радыё Свабода

Болей навін