Алена Янушкоўская абскарджвае нерэгістрацыю кандыдатам

19 студзеня 2018 15:57  |  Галоўныя навіны

Алена Янушкоўская абскарджвае нерэгістрацыю кандыдатам

 

Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алена Янушкоўская абскарджвае сваю нерэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты. Адзначым, што кандыдатам у Віцебскі абласны і Віцебскі раённы саветы яе зарэгістравалі, а вось у Заронаўскі сельскі – не.

“Аж тры подпісы несапраўдныя знайшлі правяраючыя. Па першыя два прыязджалі ў Баршчоўку ды патрапілі да сваякоў Алены, братоў Уласенка, надурылі ім галовы, паказалі два лісты, дзе былі занатаваныя іх дадзеныя з нібыта іх подпісамі. Патрабавалі пашпарты і ўпэўнілі, што подпісы фэйкавыя. Мужыкі разгубіліся. забыліся, што подпісы ставілі ў адным лісце ды побач адзін з адным у прысутнасці Алены ды сябра ініцыятыўнай групы. Па патрабаванні правяраючых напісалі паперкі, што подпісы не іх. Да трэцяга, што жыве ў Суйкава, па словах  спадара Хлусевіча, камісія нават не прыйшла, ад яго імя зварганілі яшчэ адну адмову ды вынеслі вырак: не рэгістраваць”, – адзначыла каардынатар БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.

 

“Думалі, прыме кандыдат іх рашэнне з горам, але вазіцца не будзе. Ды не на тую трапілі. Усё Алена разведала, высветліла, заручылася скаргай аднавяскоўца, а вось сваякі падвялі, маўляў, разбірайцеся самі, мы на выбары ўвогуле больш аніякія не пойдзем, раз вы такія… Людзі, яны ж розныя, магчыма, ёсць чым трымаць гэных Уласенкаў мясцовай уладзе, вёска ж, мала ці што… Скарга Алены Янушкоўскай пададзеная ў раённую камісію – першую інстанцыю. Будзе трэба, пойдзе далей. Аніяк не могуць пагадзіцца вясковыя сельсавецкія дзеячы, што Алена мае вялікія шанцы заняць чыёсьці прыгрэтае ва ўладзе месца: і плёткі пра яе распускалі, і з выбарамі старасты абвялі, і тут намахлярылі. Але ж вяровачка ўецца не бясконца”, – падкрэсліла яна.

Болей навін