Віталь Рымашэўскі: улады прызналі важнасць кампаніі назірання “Права выбару”

09 лютага 2018 11:00  |  Галоўныя навіны

Віталь Рымашэўскі: улады прызналі важнасць кампаніі назірання “Права выбару”

 

Публікацыя незаконна здабытых матэрыялаў патаемнага праслухоўвання адносна кампаніі назірання “Права выбару”, у якім узгадваецца і сустаршыня БХД Вольга Кавалькова, па дзяржаўным тэлеканале АНТ азначае, што беларускія дзяржСМІ вяртаюцца ў мінулае – да часоў брутальнай прапаганды і патокаў хлусні ў бок беларускай апазіцыі.  Пра гэта заявіў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

“Гэты матэрыял яскрава ілюструе, якая галоўная задача пастаўленая перад кіраўніцтвам дзяржаўных СМІ – дыскрэдытацыя апанентаў улады. Гэты факт таксама яшчэ раз ілюструе, што ў Беларусі кіруючую ролю ва ўсіх сферах займаюць спецслужбы. А ўсе астатнія дзяржаўныя органы і структуры, у першую чаргу дзяржаўныя СМІ з’яўляюцца выканаўцамі іх указанняў”, – заявіў ён.

Палітык адзначыў, што кампанія “Права выбару” адзіная цягам некалькіх гадоў праводзіць масавую кампанію назірання па ўсёй краіне.

“Ужо сёння падрыхтавана больш за 1000 назіральнікаў ва ўсіх рэгіёнах. Атака на нацыянальную кампанію незалежнага назірання азначае, што ніякіх зменаў сістэмы фальсіфікацыі выбараў Беларусі ўлады не плануюць . Гэта дыскрымінацыйны матэрыял – таксама адзнака якасці працы Вольгі Кавальковай, Алеся Сілкова і іншых кіраўнікоў кампаніі. Калі на дыскрэдытацыю гэтых людзей і кампаніі ў цэлым дзяржаўная прапагандысцкая машына затрачвае такія рэсурсы, гэта азначае, што дэ факта ўлады прызнаюць важнасць і значнасць кампаніі назірання “Права выбару”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

“Я заклікаю ўсіх неабыякавых грамадзян Беларусі далучацца, станавіцца незалежнымі назіральнікамі, фіксаваць парушэнні на выбарчых участках. Доказы фальсіфікацыі выбараў важна даносіць, у першую чаргу, да беларускіх грамадзян і, вядома, да міжнароднай супольнасці. Сёння дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты і незалежныя назіральнікі, якія супрацьстаяць дзяржаўнай машыне па фальсіфікацыі выбараў, знаходзіцца на перадавой барацьбы за сумленныя справядлівыя выбары, права беларусаў выбіраць сабе ўладу. Ім патрэбна ваша падтрымка. Назіральнікаў па ўсёй краіне павінны быць дзясяткі тысяч дзясяткі тысяч. Тады ў нас будзе шанец адстаяць сваё канстытуцыйнае права на справядлівыя выбары”, – заклікаў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін