У Гародні прайшла сустрэча за рэформу судовай і праваахоўчай сістэм (фота)
У Гародні ў межах кампаніі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі за рэформу судовай і праваахоўчай сістэмадбылася сустрэча з удзелам сустаршынь БХД Віталя Рымашэўскага і Вольгі Кавальковай і дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Ганны Канапацкай.
У мерапрыемстве бралі ўдзел актывісты БХД, сваякі і блізкія несправядліва асуджаных, у тым ліку па артыкуле 328 КК.
На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні далейшага развіцця кампаніі, у тым ліку збору подпісаў, сустрэч з дэпутатамі і чыноўнікамі, далучэння новых удзельнікаў.
“На маю думку, важнасць ініцыятывы кампаніі ў тым, што праблемай займаюцца менавіта зацікаўленыя людзі. Каму, як не ім лепш за ўсё ведаць усе мінусы, хібы заканадаўства, датычныя суду. Сваякі асуджаных таксама добра асведамлены ў недарэчнасцях следства, і часцяком, антызаконных дзеяннях тых, каго згодна заканадаўства называюць праваахоўнікамі. Тое, што родныя асуджаных згуртаваліся дзеля абароны асноўных правоў сваіх блізкіх – паказчык высокай самаарганізацыі грамадзян. Гэтага страшна баіцца сістэма, збудаваная не на законнасці, а па прынцыпе безадказнага падпарадкавання ніжэйшага начальніка вышэйшаму. А грамадская ініцыятыва з падтрымкай палітычных партый – гэта ўжо аснова для пабудовы новай фармацыі, новай дэмакратычнай сістэмы. Ініцыятыўныя людзі гатовыя не толькі ўспрымаць будучую дэмакратычную Беларусь, але й прымаць самы актыўны ўдзел у кіраванні дзяржавы”, – адзначыў актывіст БХД Сяргей Верамеенка.