Паўла Севярынца пакаралі 10 суткамі арышту за абарону Курапатаў
Суд Фрунзэнскага раёну пакараў Паўла Севярынца, аднаго зь лідэраў пратэстаў супраць рэстарацыі «Поедем поедим» ля Курапатаў, 10 суткамі арышту.
Сам Павал Севярынец на паседжаньне суду не прыйшоў. Суд палічыў знаходжаньне Севярынца ля рэстарацыі са сьцягам несанкцыянаваным пікетам і пакараў яго 10 суткамі арышту.
Павал Севярынец заявіў Свабодзе, што лічыць гэты прысуд беззаконьнем, што ўлады такім чынам хочуць зьбіць хвалю пратэсту супраць рэстарацыі ля Курапатаў.
Палітык чакае свайго затрыманьня неўзабаве і накіраваньня ў ізалятар.
«Варта будзе працягвацца, нягледзячы на арышт лідэраў, тут праблемы няма. Каб варта спынілася, трэба арыштаваць некалькі соцень чалавек, якія ў ёй бяруць удзел па чарзе. На пачатку ліпеня ўжо былі арыштаваныя шэсьць найбольш актыўных удзельнікаў, але гэта не спыніла нашую варту»,— заявіў палітык Свабодзе.
Раней Севярынец атрымаў штраф памерам 50 базавых велічыняў за ўдзел у прэсавай канфэрэнцыі каля брамы рэстарацыі «Поедем поедим», якую суд назваў пікетаваньнем. Суд тады прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП «Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства».
Павал Севярынец — адзін з ініцыятараў так званай «курапацкай варты». Ён амаль штодня дзяжурыць каля рэстарацыі. У пачатку ліпеня Севярынец быў сярод васьмі затрыманых актывістаў. За пікет у Курапатах ён правёў 10 сутак за кратамі.
Раней у суботу каля рэстарацыі «Подем поедим» затрымалі актывіста Максіма Вінярскага. Ён ужо адбывае 10 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.
Агулам суды завялі ўжо больш за 140 адміністрацыйных спраў на грамадзян, якія пратэставалі супраць адкрыцьця рэстарацыі «Поедем поедим».