“Усе падпісваліся адзінадушна…”: Сеньёрская суполка БХД патрабуе вяртання льгот ветэранам працы
Сеньёрская суполка пры БХД адправіла калектыўны зварот у Мінскі гарадскі савет дэпутатаў і Мінскі гарвыканкам наконт вяртання льготы ветэранам працы на праезд у гарадскім транспарце, якую адмянілі ў 2007 годзе.
Ініцыятар звароту ў дзяржаўныя органы Галіна Каржанеўская сказала: “Мы не ставілі за мэту сабраць як мага болей подпісаў ад грамадзян. Мы хацелі нагадаць нашым “благадзецелям”, што не ўсе пенсіянеры атрымліваюць столькі, каб набываць квіткі ў гарадскім транспарце. І яны добра памятаюць, што льгота на праезд была, але іх ад яе пазбавілі ва ўгоду вечна дзіраваму бюджэту. Дык адключыце мільганне чатырох непатрэбных электронных экранаў ля гандлёвага цэнтра “Замак” – і зэканоміце кучу грошай”.
Зборшчыкі подпісаў падзяліліся сваімі ўражаннямі.
“Да каго ні звернешся – усе падпісваліся адзінадушна. У нас, пенсіянераў, расходаў шмат, а жыць жа неяк трэба. І ездзіць трэба – захоўваць сяброўскія сувязі, праведваць унукаў, на рынку купіць штосьці танней…Быць мабільнымі карысна для здароўя. І няхай чыноўнікі не пытаюцца: “А чаго вам ездзіць? Сядзіце дома.” Яны самі некалі папоўняць нашы шэрагі”. (Ала Акімава)
“Быў выпадак, калі жанчына сабралася паставіць подпіс, а пасля прачытала, што мы просім 50-працэнтную скідку на праезд. “О не! – усклікнула яна. – Мы заслужылі бясплатны праезд, які маюць нашы аднагодкі ў іншых краінах. Падпішуся толькі за такі.” А адна сумнявалася. Маўляў, я інвалід і нікуды не езджу. Гэта той выпадак, калі думаюць толькі пра сябе”. (Ядвіга Угольнік)
“Я хацела б размежаваць паняцці – пенсіянер і ветэран працы. Я асабіста адпрацавала 38 гадоў і цяпер яшчэ не сяджу склаўшы рукі. Дык што, я не заслужыла ад роднай дзяржавы такой ласкі – за паўцаны праехацца ў тралейбусе?!” (Ганна Акінчыц)
Пад зваротам падпісалася каля 250-і грамадзян Мінска, хаця зніжку на праезд, безумоўна, належыць вярнуць усім пенсіянерам рэспублікі.