Менскі абласны суд на таемным паседжанні прызнаў законным штраф Віталю Рымашэўскаму за Курапаты
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі 28 снежня атрымаў з Менскага абласнога суду ліст, згодна з якім 4 снежня суддзя Іосіф Станкевіч у адказ на скаргу палітыка прызнаў законным выпісаны яму 29 кастрычніка штраф у 735 рублёў за акцыю пратэсту ў Курапатах каля рэстарацыі “Паедзім-паядзім”.
Нагадаем, што Віталь Рымашэўскі быў асуджаны Менскім раённым судом за тое, што 9 верасня “дэманстратыўна стаяў ля брамы рэстарацыі на фоне бела-чырвона-белага сцяга”.
Сустаршыня БХД адзначыў, што не атрымліваў ніякіх позваў ці паведамленняў пра судовае паседжанне 4 снежня.
“Вось такія ў нас адкрытыя беларускія суды. Калі трэба ім, улады могуць знайсці любога не толькі па мабільным, нават праз сваякоў, але тут ні паведамленняў, ні выкліку ў суд. Паборы з беларускіх грамадзян – «дармаедаў», бізнесменаў, грамадскіх актывістаў – становяцца для рэжыму важнай крыніцай даходу бюджэту. Нашы бутафорскія суды – ганьба для краіны”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.