БХД разам з архітэктарамі пачала падрыхтоўку альтэрнатыўнай канцэпцыі развіцця Менска

29 снежня 2018 11:29  |  Галоўныя навіны

БХД разам з архітэктарамі пачала падрыхтоўку альтэрнатыўнай канцэпцыі развіцця Менска

 

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі прыняў удзел у грамадскіх абмеркаваннях праекта забудовы менскага мікрараёна “Зялёны луг”. Жыхары год таму ўжо спынілі ўшчыльненне свайго раёна і цяпер выпраўлены план забудовы вынесены на абмеркаванне паўторна.

Віталь Рымашэўскі так пракаментаваў тое, што адбываецца:

“На жаль, у новым плане забудовы важныя пажаданні менчукоў таксама не ўлічаны. Будаўніцтва новай паліклінікі, якое патрабуюць жыхары, не запланавана. У той жа час будзе будавацца велізарная колькасць гандлёвых плошчаў. Гэта пры тым, што ў раёне ўжо ёсць шмат пустуючых месцаў у гандлёвых цэнтрах. Архітэктары і Менскі гарвыканкам спасылаюцца на зацверджаны генеральны план горада Менска, які быў прыняты 2016 годзе. Але ўжо сёння зразумела, што гэты план памылковы – ён пагаршае ўмовы жыцця ў Менску, дазваляе ўшчыльняць і так перанаселены горад.

Хуткія даходы і дывідэнды ад продажу дарагой сталічнай зямлі дзеля дзеючай улады выходзіць на першы план. Менск ушчыльняецца, ствараюцца праблемы экалогіі, растуць коркі. Барацьба жыхароў “Зялёнага луга” – адзін з нямногіх прыкладаў перамог грамадзян над беззаконнем чыноўнікаў. Але вырашыць праблему ў маштабах Менска можна, толькі змяніўшы нормы горадабудаўніцтва, якія не ўлічваюць інтарэсы жыхароў горада і толькі абараняюць інтарэсы ўлады, чыноўнікаў і буйнога бізнесу. Неабходна дамагацца перагляду горадабудаўнічых нормаў, неабходна тэрмінова пашырыць тэрыторыю горада Менска за кошт бліжэйшых зямель нерэнтабельных калгасаў, абмежаваць паверхавасць забудовы спальных раёнаў, выкарыстаць сусветны досвед удалых горадабудаўнічых рашэнняў для буйных гарадоў.

Беларускія хрысціянскія дэмакраты разам з камандай маладых архітэктараў пачалі працу над падрыхтоўкай плана альтэрнатыўнай канцэпцыі развіцця Менска.

Заклікаю ўсіх менчукоў, усіх людзей якія змагаюцца з несправядлівай канфіскацыяй зямлі, дамоў, якія змагаюцца супраць ушчыльнення забудовы, аб’ядноўвацца. Толькі разам мы можам прымусіць чыноўнікаў выканаць патрабаванні жыхароў і спыніць нявечыць наш Менск”.

Болей навін