У Віцебску прайшла сустрэча з Паўлам Севярынцам
20 студзеня ў Віцебску прайшла сустрэча з сустаршынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынца. У святочны дзень на сустрэчу з земляком прыйшло каля 40 чалавек. Хто не здолеў, мог “прысутнічаць” віртуальна, бо сустрэчу анлайн здымаў блогер “Шэры кот”, яе глядзелі больш за 300 чалавек.
Кароткая прэзентацыя ўжо вядомых віцеблянам кнігаў, сярод якіх была і зусім новая – “Каменнае сэрца”, выдадзеная “Вясной 96” у серыі палітзэкаўскай літаратуры літаральна напярэдадні.
Далей Павел распавёў пра працэдуру праймерыз у Правацэнтрысцкай кааліцыі, на ўдзел у якой яго вылучыла Нацыянальная рада БХД. Палітык падкрэсліў, што разумее ўсю адказнасць удзелу ў выбарах прэзідэнта, якіх на самой справе у сучаснай Беларусі няма, але сітуацыя можа скласціся такім чынам, што спатрэбіцца бараніць незалежнасць краіны, а да гэтага трэба быць гатовым. Ён распавёў пра першыя крокі, якія павінен зрабіць новы ўрад, прадэманстраваў, што Правацэнтрысцкая кааліцыя гатова да пераменаў, мае распрацаваныя кейсы рэформаў.
Далей адказваў на шматлікія пытанні і заўвагі слухачоў. Сустрэча доўжылася амаль 3 гадзіны, людзі разыходзіцца не спяшаліся, многія пайшлі з кнігамі аўтара, атрымаўшы і аўтограф, а хто-ніхто і зрабіўшы фотаздымак з вядомым земляком на памяць.