У міністэрствы ЖКГ і архітэктуры перадалі прапановы супраць ушчыльнення і забруджвання гарадоў
Па ініцыятыве Беларускай хрысціянскай дэмакратыі прайшла каардынацыйная сустрэча ініцыятыў, якія змагаюцца супраць ушчыльнення ў Менску і супраць будаўніцтва шкодных вытворчасцей у гарадах у рэгіёнах.
Віталь Рымашэўскі:
«Мэта гэтай сустрэчы – сабраць прапановы ад усіх ініцыятыў і выпрацаваць адзіны падыход, каб змяніць нормы горадабудаўніцтва з тым, каб у будучыні немагчыма было будаўніцтва вытворчасцей, якія атручваюць паветра, як у Светлагорску, патэнцыйна небяспечных для экалогіі і для жыцця людзей заводаў, як у Брэсце . Наша задача – выпрацаваць адзіны падыход і арганізаваць нацыянальную кампанію за змяненне нарматываў генпланаў гарадоў і нарматываў пры будаўніцтве прадпрыемстваў у населеных пунктах. Ёсць шмат прыкладаў, калі ў Менску людзі абаранялі свой раён ад ўшчыльнення. Ёсць прыклады, калі атрымоўвалася забараніць будаўніцтва шкоднай вытворчасці. Але гэтыя поспехі не вырашаюць глабальныя задачы: калі не ўшчыльняецца мікрараён Зялёны Луг, то для горада ў цэлым гэта значыць, што больш дамоў будзе пабудавана ў Каменнай Горцы ці Малінаўцы – і ў выніку ўсё жыхары ўсё роўна прайграюць. Што тычыцца прыкладаў Светлагорска, Гомеля або Брэста з будаўніцтвам экалагічна небяспечных вытворчасцяў, то гэта патэнцыйная катастрофа».
Усе прапановы, сабраныя падчас круглага стала, ужо перададзеныя ў міністэрствы ЖКГ і архітэктуры, а таксама ў адпаведную камісію Палаты прадстаўнікоў. «Але толькі арганізаваўшы агульнанацыянальную кампанію, можна абараніць права на бяспечныя і камфортныя ўмовы пражывання ў нашых гарадах», – адзначыў Віталь Рымашэўскі.