Супрацьстаяць карупцыі і дамагацца законнасці. Фёдар Петрусевіч падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы
Хрысціянскі дэмакрат Фёдар Петрусевіч 3 верасня падаў у акруговую выбарчую камісію заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў выбаршчыкаў для вылучэння кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Берасцейскай-Усходняй выбарчай акрузе.
Актывіст збіраецца дамагацца пабудовы прававой дзяржавы. У прыватнасці, гарантаванага падзелу заканадаўчай, выканаўчай і судовай галін улады; выбарнасці кіраўнікоў мясцовых органаў улады; забеспячэння незалежнасці судоў і пракуратуры; вырашэння праблем нестабільнасці заканадаўства; аднаўлення нагляду за выкананнем законнасці ў мясцовых органах улады;
Таксама Фёдар Петрусевіч адзначае, што праз празмерную карупцыі ў Дэпартаменце кантролю і нагляду за будаўніцтвам бяспека Астравецкай АЭС знаходзіцца пад пагрозай:
“Органы дзяржаўнага будаўнічага нагляду, пры наяўнасці дэфектаў і парушэнняў, якія ствараюць пагрозу абвалу будынкаў, выдаюць заключэнні аб нібыта адпаведнасці аб’екта, які прымаецца ў эксплуатацыю, праектнай дакументацыі, патрабаванням эксплуатацыйнай надзейнасці і бяспекі”, – заяўляе ён.
Фёдар Петрусевіч вядомы тым, што займаецца абаронай правоў падманутых дольшчыкаў і спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг; выяўляе карупцыйныя правапарушэнні ў сферы канфіскацыі і наданні зямельных участкаў, архітэктурна-будаўнічай і інвестыцыйнай дзейнасці. Таксама актывіст супрацьдзейнічае карупцыі ў мясцовых органах дзяржаўнай улады і ў Дэпартаменце кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.